|    У апошні дзень працы сэсіі Парлямэнцкай асамблеі 
              АБСЭ ў Кіеве ўхваленая рэзалюцыя па сытуацыі ў Беларусі.У дакумэнце 
              ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў вызваліць палітзьняволеных, 
              правесьці незалежнае расьсьледаваньне справаў зьніклых апанэнтаў 
              рэжыму, забясьпечыць свабоду СМІ і няўрадавых арганізацый, а таксама 
              ўнесьці папраўкі ў выбарчае заканадаўства. 
            Апроч таго, рэзалюцыя ПА АБСЭ заклікае беларускія ўлады скарыстацца 
              ініцыятывай Эўразьвязу на добрасуседзтва, выконваць міжнародныя 
              абавязацельствы і трымацца прынцыпаў пабудовы вольнай і дэмакратычнай 
              дзяржавы. 
            Як паведаміў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, 
              які вярнуўся ў Менск напярэдадні, афіцыйная дэлегацыя на чале з 
              намесьнікам старшыні Палаты прадстаўніком Сяргеем Забалотцам імкнулася 
              пераканаць кіраўніцтва парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў тым, што ў Беларусі 
              няма праблемаў ні з правядзеньнем выбарчых кампаній, ні з магчымасьцю 
              выказваць альтэрнатыўныя думкі: 
            «Калі гаварыць тое, што гаварыў на канфэрэнцыі Забалоцец — маўляў, 
              у нас няма палітычных вязьняў, што ў нас няма праблемаў з выбарамі, 
              выбары прайшлі дэмакратычна і гэта зафіксавалі дзесяткі тысяч назіральнікаў, 
              то ў гэта цяжка верыць усім, хто больш-менш цікавіцца сытуацыяй 
              у Беларусі. 
            Бо само АБСЭ наглядала і давала ацэнку тым жа выбарам. А наконт 
              палітычных вязьняў ці скрадзеных — гэта ўжо абсалютна вядомыя факты. 
              І калі мікшаваць вось гэта, то пазыцыя ў іх была вельмі слабая». 
              
             Ігар Карней 
              Радыё Свабода 
                    
                    
					
					   
			 |