Некалькі дзесяткаў чалавек выйшлі сёння, у Дзень
салідарнасці, на Кастрычніцкую плошчу Менска з партрэтамі палітвязняў.
Як паведамляе карэспандэнт прэс-цэнтра Хартыі’97, людзі здолелі
прастаяць на плошчы ўсяго некалькі хвілін. Як толькі ўдзельнікі
акцыі дасталі партрэты палітвязняў, да іх падышлі супрацоўнікі АМАПа
ў цывільным і запатрабавалі разысціся. Людзей выцеснілі з плошчы
на праспект Незалежнасці ў бок ГУМа.
Дзесяткі людзей, якіх выцеснілі з Кастрычніцкай плошчы, прыйшлі
да касцёла святога Язэпа на вуліцы Кірылы і Мяфодзія. Людзі трымаюць
у руках партрэты палітвязняў і моляцца. Побач дзяжураць супрацоўнікі
АМАПа.
Нагадаем, што вернікі ўжо два гады змагаюцца за вяртанне касцёла
святога Язэпа Каталіцкай царкве. Раней у касцёле і манастыры размяшчалася
ваенная камендатура, а цяпер улады збіраюцца перабудаваць манастыр
у гасцініцу з басейнам і боўлінгам. Акцыі ў абарону касцёла праходзяць
ля яго сцен штодня.
Хартыя’97
|