Аўтапрабег з нагоды Дня народзінаў Зьмітра Дашкевіча
18 июля 2007

Малады Фронт арганізуе аўтапрабег з нагоды Дня народзінаў Зьмітра Дашкевіча.

У чацьвер 19 ліпеня актывісты незарэгістраванай моладзевай арганізацыі «Малады Фронт» распачынаюць двухдзённы аўтапрабег з нагоды Дня нараджэньня лідэра арганізацыі Зьмітра Дашкевіча, які зараз адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі.

Удзельнікі аўтапрабегу маюць намер праехаць праз Баранавічы, Нясьвіж, Салігорск, Магілеў і фінішаваць пад сьценамі папраўчай калёніі ў Шклове. Удзел у аўтапрабегу па гарадох Беларусі возьмуць заснавальнік «Маладога Фронту» Павал Севярынец і кіраўніца Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Іна Кулей, а таксама журналісты недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

Адзін з арганізатараў аўтапрабегу Барыс Гарэцкі распавёў, што толькі зь Менску будзе ўдзельнічаць каля дзесяці машын. Да менчукоў далучацца аўтааматары зь іншых гарадоў.

Барыс Гарэцкі: Мы разумеем, што нас, хутчэй за ўсё, будуць спыняць, таму я асабіста правяраў усе дакумэнты й камплектацыю машын. Спадзяюся, што ўсё будзе добра. Гэта мусіць быць маштабная акцыя салідарнасьці моладзі.

Нагадаю, што арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Зьмітра Дашкевіча вязьнем сумленьня. 20 ліпеня лідэру «Маладога Фронту» спаўняецца 26 гадоў.


Марыя Кароль
Беларуская служба Польскага радыё