|    У Нью-Ёрку 15 ліпеня адбыўся традыцыйны штогадовы 
              Марш паняволеных народаў, у якім актыўны удзел узялі беларусы. 
            Удзельнікі Маршу паняволеных народаў у Нью-Ёрку скандавалі: «Лукашэнка 
              — не! Беларусь — так! Жыве Беларусь! Свабода Беларусі!» 
            Прэзыдэнт Камітэту паняволеных народаў Хорст Угліч сказаў Радыё 
              Свабода: 
            Угліч: «Мы ладзім гэты Марш паняволеных народаў сёлета 49-ты раз. 
              Мы будзем гэта рабіць, пакуль усе народы ня будуць вольнымі. Чаму 
              так шмат беларускіх бел-чырвона-белых сьцягоў? У Беларусі дасюль 
              пануе дыктатура, з-за палітыкі Лукашэнкі, якую не тое што нельга 
              назваць дэмакратычнай — яна хутчэй сталінісцкая. Мы падтрымліваем 
              змаганьне беларусаў за дэмакратыю і свабоду». 
            У маршы бралі удзел Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне, Беларускі 
              моладзевы рух Амэрыкі. Іх прадстаўнікі сказалі Радыё Свабода: 
            Андрэй: «Мы пратэстуем супраць несправядлівасьці, супраць дыктатураў 
              ва ўсім сьвеце, асабліва ў Беларусі. Вось ідзем маршам, каб нагадаць 
              людзям Амэрыкі, што ў Эўропе ёсьць яшчэ апошні дыктатар — у Беларусі». 
            Віталь: «Сёньня адбываецца Марш паняволеных народаў, у якім прымае 
              удзел некалькі краінаў, у якіх адбываюцца нядобрыя рэчы. Я зь Беларусі, 
              я — нязгодны з тым, што адбываецца ў маёй краіне, і таму я тут». 
            Чаму так шмат беларускіх бел-чырвона-белых сьцягоў сёньня? 
            Віталь: «Таму што нас шмат!.. (чутна, як удзельнікі скандуюць па-беларуску: 
              «Жыве Беларусь!» 
            Марш пачаўся на скрыжаваньні 5 і 59 авеню, калёна дайшла да Катэдральнага 
              сабору сьв. Патрыка, дзе адбылася імша за ўсе паняволеныя народы, 
              пасьля якой удзельнікі маршу прайшлі да Цэнтаральнага парку на мітынг. 
              У ліку выступоўцаў быў Зянон Пазьняк, які распавёў пра рэпрэсіі 
              ў Беларусі і апошнія затрыманьні моладзевых актывістаў, заклікаў 
              змагацца за вызваленьне ўсіх палітзьняволеных у Беларусі. 
              
            Тацяна Поклад 
              Радыё Свабода 
               
               
             |