|    Сёньня ў Магілёве завяршыўся аўтапрабег салідарнасьці. 
              19 ліпеня яго распачалі сябры незарэгістраванага «Маладога фронту». 
              Моладзевыя актывісты аўтапрабегам па Беларусі адзначылі 26-годзьдзе 
              палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, а таксама выказалі салідарнасьць 
              з рэпрэсаванай і зьняволенай моладзьдзю. На працягу двух дзён актывісты 
              наведалі Баранавічы, Салігорск, Шклоў ды Магілёў. 
            У аўтапрабегу ўзялі ўдзел каля дваццаці чалавек. У Дзяржынску міліцыянты 
              затрымалі аўтамабілі, на якіх ехалі маладафронтаўцы. Далей моладзь 
              працягнула акцыю грамадзкім транспартам. 
            Пра аўтапрабег салідарнасьці на Магілёўшчыны расказаў «Свабодзе» 
              Павал Севярынец: 
            «Нам удалося ўсё-такі прарвацца да Апалонаўкі, да таго месца, дзе 
              знаходзіцца калёнія і ўтрымліваецца Зьміцер Дашкевіч. Там нас сустрэлі 
              дзясяткі міліцыянтаў з машынамі. Там нас завезьлі ў раённы аддзел 
              Шклова. 
            Калі мы былі ў Шклоўскім раённым аддзеле міліцыі, мы дамагліся 
              сустрэчы з прадстаўнікамі папраўчай калёніі №17, дзе ўтрымліваецца 
              Зьміцер Дашкевіч. Прыехалі прадстаўнікі калёніі маёр Балышкін і 
              опэрупаўнаважаны, які вядзе справу Зьмітра Дашкевіча. Яны катэгарычна 
              адмовілі ў сустрэчы, але мы змусілі іх даць слова афіцэра, што яны 
              перакажуць нашы віншаваньні Зьмітру. 
            Мы хацелі трапіць да Артура Фінькевіча на працу, але з працы яго 
              перавезьлі ў Магілёў, у камэндатуру. Мы цяпер перадаем магілёўцам 
              для яго падарунак — торт — і наказ наведаць яго ў камэндатуры, калі 
              гэта будзе магчыма».  
             
              Радыё Свабода 
                    
					
					   
			 |