У Менску прайшоў Дзень Незалежнасці
28 июля 2007

Сёння ў Менску прайшлі дзве акцыі, прымеркаваныя да Дня Незалежнасці. Людзі сабраліся каля Чырвонага касцёла, каб сустрэцца з відавочцамі падзей сямнаццацігадовай даўнасці. Трохі пазней менчукі ўсклалі кветкі ў Купалаўскім скверы да помніка паэта. На жаль, міліцыя ўвесь час стварала перашкоды для правядзення цалкам мірных, святочных мерапрыемстваў.

Ужо за гадзіну да прызначанай каля Чырвонага касцёла сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнага Савета 12 склікання на выхадах станцый метро Няміга і Купалаўская былі заўважаныя ўзмоцненыя нарады міліцыі.

Бліжэй да 16 гадзін аўтобусы сотага маршруту перасталі спыняцца на плошчы Незалежнасці. Выхады з метро з станцыі метро “Плошча Леніна” на плошчу Незалежнасці таксама былі перакрытыя кардонамі міліцыі. Пазней з рацыі міліцыянтаў у чорнай форме прычуўся загад закрыць плошчу цалкам.

Да гэтага часу на плошчы ўжо знаходзілася разам з журналістамі каля 50 чалавек. Інтэрв`ю раздавалі Вінцук Вячорка, Сяргей Скрабец. Прысутнічалі пісьменнік Міхаіл Содаль, праваабаронца Таццяна Процька, унучка вядомага беларускага гістарычнага дзеяча Антона Луцкевіча, палітычна актыўная моладзь. Стала вядома, што на падыходах да плошчы затрымалі лідэра партыі АГП Анатоля Лябедзьку і намесніка старшыні БНФ Віктара Івашкевіча. Не здолеў дабрацца да плошчы і вядомы палітык Юры Хадыка. Паводле паведамленняў, моладзь з нацыянальнай сімволікай на майках блакавалі на падыходах да плошчы.

Міліцыі паступіла каманда ачысціць плошчу. Міліцыянты, колькасць якіх была амаль роўная колькасці удзельнікаў акцыі, даволі хутка выцеснілі прысутных на вуліцу Берсана. Людзі рассеяліся на маленькія групкі і працягнулі рух па вул. Няміга ў бок сквера Янкі Купалы.

Каля помніка паэту жадаючых ускласці кветкі ўжо чакала вялікая колькасць людзей у цывільным. У скверы стаяў шэры аўтобус. Вакол яго знаходзіліся людзі, якія актыўна перагаворваліся па рацыі. Паступова сталі з`яўляцца людзі з кветкамі. Старыя жанчыны з КХП БНФ зацягнулі беларускія песні. Да помніка падышоў лідэр Еўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч. Ён павіншаваў усіх прысутных з святам Незалежнасці і ўсклаў кветкі да помніка беларускаму паэту. Па яго прыкладу зрабілі астатнія. З-за помніка раптам узніклі шэрагі міліцыі. Яны пачалі рашуча адціскаць людзей з пляцоўкі перад помнікам і суправаджалі шэсце ўдзельнікаў акцыі па вуліцы Янкі Купалы да вуліцы Максіма Багдановіча. Людзі сталі разыходзіцца.

На плошчы Бангалор акцыя не адбылася. У полі зроку назіраліся толькі тры аўтобуса з міліцыяй.

Анатоль Лябедзька, Віктар Івашкевіч ды іншыя затрыманыя падчас сённяшніх акцый у Менску, за выняткам Франака Вячоркі, вызваленыя. Франак Вячорка зараз знаходзіцца ў РУУС Заводскага раёну. На яго склалі пратакол і вераготна адвязуць на Акрэсціна. Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў праваабаронца Уладзімер Лабковіч.

 

Хартыя’97