|    28 ліпеня прайшоў адзінаццаты па ліку «Кубак свабоды» 
              — традыцыйны турнір у міні-футболе памяці Генадзя Карпенкі, прысьвечаны 
              прыняцьцю Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. У ім брала ўдзел 
              пяць камандаў, якія прадстаўлялі дэмакратычныя сілы Беларусі і журналістаў. 
              Сёлетні пераходны кубак праз сем гадоў зноў вярнуўся да каманды 
              партыі БНФ. 
            Сёньня на футбольным полі, што ў менскім парку Чалюскінцаў у кругавым 
              турніры сустракаліся пяць камандаў: партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай 
              партыі, Партыі камуністаў беларускай, зборнай дэмакратычных сілаў 
              Койданаўшчыны «45+» і каманда журналістаў. 
            За турнірам сачылі заўзятары з рацыямі 
            Чатыры апошніх гады запар у гэтым турніры перамагала каманда журналістаў. 
              Сёньня яны таксама першымі выйшлі на поле супраць дружыны ПКБ. Старт 
              пераможцаў мінулых гадоў быў няўдалы — журналісты прайгралі камуністам 
              1-0. Тэхнічны дырэктар турніру Сяргей Вазьняк распавёў пра асаблівасьці 
              сёлетняга «Кубку свабоды»: 
            «Будзе кругавы турнір. Кожная каманда правядзе па чатыры гульні 
              і па выніках будуць вызначаныя пераможца й прызёры. Таксама мы будзем 
              вызначаць лепшых бамбардзіра, брамніка і гульца». 
            За матчамі назірала некалькі чалавек у цывільным з партатыўнымі 
              радыёстанцыямі. 
            АГП атрымала ад БАЖ прыз за самую шчырую гульню 
            Ва ўсіх турнірах «Кубка свабоды», які з 2000 году носіць імя былога 
              намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Генадзя Карпенкі, удзельнічала 
              каманда Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яна выступала й арганізатарам 
              спаборніцтваў. Гаворыць капітан гэтай каманды і лідэр АГП Анатоль 
              Лябедзька: 
            «Турнір адметны сваімі моцнымі каранямі. Калі ён праходзіць 11 
              год — гэта азначае, што турнір некаму патрэбны. Важная і сама дата 
              прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. І з гэтым сьвятам немажліва 
              змагацца ніякімі дэкрэтамі і ўказамі. Яно было, ёсьць і будзе, і 
              турнір гэта даказвае. І ён моцны імем асобы Генадзя Карпенкі. Я 
              думаю, што мы павінны шанаваць памяць палітыкаў найноўшай гісторыі». 
            Сёлета Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла ўручыць свой прыз 
              «За шчырую гульню». Гаворыць віцэ-старшыня БАЖ Андрэй Бастунец: 
            «БАЖ вырашыў на гэтым турніры ўручыць кубак за fair play. І гэта, 
              думаю, цалкам адпавядае дэвізу БАЖ «Трымайся праўды». І таму мы 
              вырашылі адзначыць тую каманду, якая будзе паказваць найбольш шчырую 
              гульню». 
            Самай шчырай, на думку журналістаў, на полі выглядала каманда АГП. 
            Капітан каманды БНФ: «Мы ў эўфарыі!» 
            Самі журналісты занялі другое месца. Пераможны гол у іх забіў карэспандэнт 
              нашага радыё Віталь Цыганкоў. На трэцім месцы каманда «45+» з Койданаўшчыны. 
              А пераможцамі турніру стала каманда партыі БНФ. Гаворыць яе капітан 
              Сяргей Мудрачэнка: 
            «Выдатна, мы проста ў эўфарыі! Мы вярнулі сабе кубак упершыню пасьля 
              2000 году, перапыніўшы манаполію журналістаў. Для мяне гэта першы 
              турнір у аматарскім футболе». 
            Праўда, каманда партыі БНФ атрымала не арыгінал кубку, а ягоны 
              дублікат, якім узнагароджваюць пераможцаў турніру з 2003 году. Арыгінал 
              кубку згубіўся ў не да канца высьветленых акалічнасьцях, і знайсьці 
              яго ня могуць дагэтуль. Апошнім яго трымаў тагачасны тэхнічны дырэктар 
              турніру Аляксандар Зялко, які сьцьвярджае, што перадаў яго ў штаб-кватэру 
              АГП. У Аб’яднанай грамадзянскай партыі гавораць, што ў іх кубку 
              няма.  
               
             
              Радыё Свабода 
               
             |