|    Абмежаванне ўезду ў Злучаныя Штаты Амерыкі 
              
            7 жніўня 2007 г. 
              Заява амбасады ЗША 
              
            Праз год пасля прыняцця Прэзідэнтам Бушам Пракламацыі 8015 адносна 
              Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае практыку зняволення 
              і пераследу грамадзян за выказванні ў абарону дэмакратыі, правядзенне 
              мірных дэманстрацый і выступленні супраць рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму. 
              Нягледзячы на тое, што мінулай вясной мела месца некаторае аслабленне 
              рэпрэсіўных мераў, на працягу апошніх некалькіх тыдняў мы сталі 
              сведкамі чарговага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй 
              у Беларусі. 
            У адпаведнасці з вышэйазначаным, Дзярждэпартамент ЗША выдаў абноўленае 
              распараджэнне ад 3 жніўня 2007 года, якое ўдакладняе катэгорыі асобаў, 
              чые звароты па візы аўтаматычна становяцца аб’ектам спецыяльнага 
              разгляду, як таго патрабуе Прэзідэнцкая Пракламацыя 8015. Пракламацыя, 
              выдадзеная 15 мая 2006 года, прыпыняе ўезд у Злучаныя Штаты па іміграцыйных 
              ці неіміграцыйных візах асобаў, адказных за палітыку альбо дзеянні, 
              што пагражаюць працэсу пераходу да дэмакратыі ў Беларусі. 
            Згодна з абноўленым візавым распараджэннем, цяпер аб’ектам працэдур, 
              вызначаных Прэзідэнцкай Пракламацыяй 8015, становяцца візавыя звароты 
              наступных асобаў: 
             
              — чыноўнікаў узроўню намеснікаў міністраў і вышэй альбо прыроўненых 
              да іх; 
               
              — генеральнага пракурора і яго намеснікаў; 
               
              — афіцэраў Міністэрства ўнутраных спраў у званні вышэй за падпалкоўніка; 
               
              — афіцэраў КДБ Беларусі ў званні вышэй за падпалкоўніка; 
               
              — супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў Мінскага гарадскога і абласных 
              выканкамаў; 
               
              — кіраўніка і намеснікаў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта; 
               
              — членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі; 
               
              — старшынь абласных выбарчых камісій; 
               
              — старшынь абласных і раённых судоў; 
               
              — старшыні Канстытуцыйнага суда; 
               
              — дырэктараў і намеснікаў дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў; 
               
              — сужэнцаў пералічаных вышэй асобаў.  
                    
					
					
					   
			 |