|    Дэмакратычныя сілы падалі заяўку ў Менгарвыканкам 
              на правядзенне 14 кастрычніка Еўрапейскага Марша "За свабоду!". 
              Еўрапейскі Марш павінен пачацца ў 14.00 на Кастрычніцкай плошчы 
              Менска. Маршрут шэсця: па ходніках праспекта Незалежнасці ад Кастрычніцкай 
              плошчы да пляцоўкі каля Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, 
              дзе павінен прайсці мітынг. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі ў 
              Менску абвясцілі старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік 
              старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, міжнародны каардынатар Хартыі’97 
              Андрэй Саннікаў, старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль 
              Лябедзька, старшыня аргкамітэта руху "За свабоду!" Аляксандр 
              Мілінкевіч, каардынатар Еўрапейскай кааліцыі, старшыня аргкамітэта 
              Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола 
              Статкевіч. 
            Палітыкі абвясцілі, што мэтамі акцыі з`яўляюцца дэманстрацыя еўрапейскага 
              выбару беларускага грамадства і рэалізацыя 12-ці прапаноў Еўразвяза 
              па больш цеснаму і эфектыўнаму супрацоўніцтву з нашай краінай. 
            Дэмакратычныя сілы накіроўваюць беларускім службоўцам сігнал пра 
              тое, што апазіцыя гатовая весці перамовы па правядзенні дэмакратычных 
              рэформ з улікам іх інтарэсаў. 
            "Сталасць палітыкаў, як апазіцыйных, так і афіцыйных, вызначаецца 
              не жаданнем канфрантацыі, а гатоўнасцю да дыялогу і кампрамісам, 
              таму і прапаноўваецца на пэўнай акцыі, ініцыяванай дэмакратычнымі 
              сіламі, паспрабаваць зразумець, наколькі мы гатовыя да кампрамісу 
              дзеля будучыні нашай краіны. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра 
              перамовы па пэўным мерапрыемстве, тым больш, што ўлады самі казалі, 
              што неаднаразова запрашалі апазіцыю ўдзельнічаць у мерапрыемствах 
              у падтрымку незалежнай Беларусі. Мы да гэтага гатовыя. З улікам 
              таго, што адбываецца ў самой Беларусі і вакол краіны, становіцца 
              відавочным, што змена ўлады непазбежная. Нам не абыякава, як гэта 
              будзе адбывацца: пад ціскам Крамля або шляхам пошуку кампрамісу 
              ўнутры краіны для абароны яе незалежнасці, у тым ліку і энергетычнай. 
              На наш погляд, толькі гэта можа забяспечыць больш цеснае супрацоўніцтва 
              з Еўропай і ўвогуле стратэгічны еўрапейскі выбар" , – заявіў 
              на прэс-канферэнцыі ў Менску ініцыятар Еўрапейскага Марша, міжнародны 
              каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў. 
            Саннікаў асобна адзначыў ролю Віктара Івашкевіча ў арганізацыі 
              практычнай працы па падрыхтоўцы Еўрапейскага Марша. 
            "Звычайна ў таталітарных краінах акцыі апазіцыі – гэта акцыі 
              супраціву супраць таго, што парушаюцца правы чалавека, супраць палітычных 
              рэпрэсій, супраць выбарчых фарсаў. Еўрапейскі Марш – гэта не барацьба 
              з кімсьці, гэта акцыя, якая можа адкрыць для Беларусі шлях у Еўропу, 
              дзе наша краіна заўсёды была гістарычна. Перад намі сёння стаіць 
              пытанне цывілізацыйнага выбару: або мы будзем удзельнічаць у стварэнні 
              візантыйскай імперыі, або мы будзем інтэгравацца ў Еўропу. Колькасць 
              беларусаў, якія падтрымліваюць еўрапейскі выбар, няўхільна расце. 
              Таму я спадзяюся, што акцыю, такую важную для лёсу Беларусі, падтрымаюць 
              і ўлады", – адзначыў лідэр руху "За Свабоду!" Аляксандр 
              Мілінкевіч. 
            "Правядзенне Еўрапейскага Марша з`яўляецца часткай стратэгіі 
              аб`яднаных дэмакратычных сілаў, і практычна ўсе суб`екты кааліцыі 
              падтрымалі гэтую акцыю. Жыццё падштурхоўвае нас да таго, каб "не 
              ляцець на адным крыле", як адзначыў сам Аляксандр Лукашэнка. 
              Павінна быць збалансаваная знешняя палітыка і Беларусь, безумоўна, 
              мусіць развіваць стасункі з Еўропай", – упэўнены лідэр Аб`яднанай 
              грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. 
            “Нават улады сёння зразумелі, што Беларусі неабходна паляпшаць 
              стасункі з еўрапейскімі краінамі. Еўразвяз сёння прыйшоў да нашых 
              меж. Еўрапейскі выбар для Беларусі выключна важны. Лозунгі еўрапейскай 
              інтэграцыі найбольш блізкія беларусам. У іх ёсць усё для бедных 
              і багатых, для маладых і пажылых. Гэта еўрапейскі ўзровень жыцця. 
              Еўрапейская адукацыя. Свабода і дэмакратыя. Спадзяюся, што мы здолеем 
              разам дамагчыся таго, каб Беларусь стала сябрам Еўрапейскага Звязу”, 
              – сказаў каардынатар Еўрапейскай кааліцыі, старшыня аргкамітэта 
              Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола 
              Статкевіч. 
            Еўрапейскі Марш пройдзе пад лозунгамі: "Выкананне 12-ці прапаноў 
              ЕЗ – гарантыя эканамічнай і энергетычнай бяспекі Беларусі", 
              "За свабоду! За Беларусь!", "За еўрапейскія каштоўнасці!", 
              "Дыялог улады і апазіцыі – умова дынамічнага развіцця краіны", 
              "За Еўрапейскую Беларусь!", "Еўрапейскім цэнам – 
              еўрапейскія зарплаты". 
            Заяўнікамі акцыі сталі старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, 
              намеснік Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, удзельнік грамадзянскай кампаніі 
              "Джынс за Свабоду!" Яўген Афнагель, лідэр Партыі БНФ Вінцук 
              Вячорка, лідэр Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, 
              старшыня аргкамітэта руху "За Свабоду!" Аляксандр Мілінкевіч, 
              адзін з лідэраў "Маладога Фронту", удзельнік Еўрапейскай 
              кааліцыі Зміцер Хведарук. 
            Правядзенне Еўрапейскага Марша падтрымалі: Еўрапейская кааліцыя, 
              Партыя БНФ, рух "За Свабоду!", аргкамітэт Хартыі’97, грамадзянская 
              кампанія "Джынс за Свабоду!", "Малады Фронт", 
              Аб`яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай 
              партыі (Народная Грамада), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя 
              (Грамада), Партыя камуністаў Беларуская, арганізацыя "Вольная 
              Моладзь", аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу, аргкамітэт 
              "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі", шматлікія прадпрымальніцкія 
              і грамадскія арганізацыі. 
            Віктар Івашкевіч паведаміў таксама пра стварэнне перамоўнай групы, 
              якая будзе весці дыялог з уладамі з нагоды правядзення Еўрапейскага 
              Марша. У перамоўную групу ўвайшлі заяўнікі акцыі, а таксама міжнародны 
              каардынатар Хартыі’97, былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі 
              Андрэй Саннікаў, Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар, былы міністр 
              знешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч, намеснік старшыні Партыі 
              БНФ, прафесар Юры Хадыка і экс-кіраўнік Нацбанку РБ, прафесар Станіслаў 
              Багданкевіч. 
             
              Нататка Хартыі’97: Беларускія службоўцы апошнім часам часта робяць 
              заяву пра неабходнасць інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскія структуры. 
              Так, спецпасланнік беларускага МЗС Сяргей Гайдукевіч заявіў, што 
              Беларусь не павінна адмаўляцца ад інтэграцыі ў любыя еўрапейскія 
              структуры, а амбасадар Беларусі ў Польшчы Павел Латушка, як піша 
              газета "Zycie Warszawy", заявіў, што Беларусь праз 10 
              гадоў стане сябрам Еўразвяза.   
              
            Хартыя`97 
                    
					
					   
			 |