Скончыўся суд над маладафронтаўцамі

04.09.2007

Cкончыўся суд на 17-гадовым актывістам «Маладога Фронту» Іванам Шылам, прысуд — папярэджаньне.

Крыху раней за такую ж крымінальную справу Насту Азарку, нясьвіскую маладафронтаўку, аштрафавалі на 40 базавых. Можна сказаць, што прысуды даволі мяккія, калі не ўлічваць, што артыкул аб «незарэгістраваных арганізацыях» антыканстытуцыйны і супярэчыць нармам міжнароднага права і што больш за пятнаццаць маладзёнаў, сярод якіх былі й дзяўчаты, і жорстка зьбітыя падчас суду ў Салігорску. Дзевяць з іх — Франака Вячорку, Зьмітра Хведарука, Зьмітра Ясевіча, Віктара Дзенісевіча, Алеся Каліту , Маўлюду Атакулаву, Тацьцяну Буланаву, Касю Галіцкую заўтра а 9 гадзіне раніцы чакае суд быццам бы за «несанкцыяваны пікет» — трыманьне расьцяжкі, нацыянальных сьцягоў, воклічаў «Жыве Беларусь». Тацьцяне Буланавай, магілеўскайй маладафронтаўке, зламалі палец.

У Нясьвіжы суд прайшоў даволі мірна, хаця у двары суду стаяў аўтазак з АМАПам. За людзьмі назіралі людзі ў штацкім і міліцыя, здымала БТ. Жорсткіх крокаў у адносінах да людзей не прымалася, хаця на паўгадзіны былі затрыманы два апазіцыйныя журналісты, якія здымалі, як міліцыянты спрабавалі арыштаваць хлапца ў майке «Малады Фронт не спыніць!». У Нясьвіжы таксама прысутнічаў Павал Севярынец, якога зранку адпусьцілі на свабоду.