Андрэй Клімаў ужо больш як месяц асуджаны

07.09.2007

Як паведаміў журналістам прэсавы сакратар гарадзкой пракуратуры Алег Агафонаў, крымінальная справа палітыка Андрэя Клімава разгледжаная ў Цэнтральным судзе Менску. Суд над Андрэем Кімавым адбыўся яшчэ 30 ліпеня — 1 жніўня.

Судзьдзя Алена Ільіна пастанавіла пакараць палітыка двума гадамі зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым у распаўсюджваньні заклікаў да зьвяржэньня ўлады. Інтарэсы Андрэя Клімава на працэсе прадстаўлялі адвакат Валянціна Лятун і жонка палітыка Тацяна Леановіч.

Андрэй Клімаў пакуль што знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Блізкія паплечнікі і сябры Андрэя Клімава ня ведалі, што яго судзілі яшчэ на пачатку жніўня і пакаралі зьняволеньнем за публікацыю артыкулу ў інтэрнэце. Упершыню ніхто з журналістаў і прадстаўнікоў апазыцыі ня ведаў пра суд над палітвязьнем.

Андрэя Клімава арыштавалі 3 красавіка, калі ён прыйшоў у Менскую гарадзкую пракуратуру даведацца пра акалічнасьці крымінальнай справы, заведзенай супраць яго за артыкул у інтэрнэце. Спачатку палітык меў статус падазраванага ў абразе Аляксандра Лукашэнкі і паклёпе на яго. Пасьля допыту Клімава абвінавацілі ў закліках да зьвяржэньня існуючага ладу.

У чэрвені сябры і знаёмыя Андрэя Клімава перасталі атрымліваць ад яго лісты. Маці Андрэя і жонка Тацяна Леановіч не адказвалі на тэлефанаваньні.

Памочнік Андрэя з «Руху Андрэя Клімава» Цімафей Дранчук сказаў «Свабодзе», што чуткі пра суд над Клімавым да яго даходзілі, але ён ня мог іх праверыць:

«Пазыцыя сваякоў Андрэя абсалютная незразумелая. Я папросту не магу патлумачыць такія паводзіны. Магу толькі выказваць вэрсіі, што іх альбо запалохалі, альбо яшчэ нешта... Ніхто, акрамя іх, ня мог даведацца пра лёс Клімава. Яны маюць магчымасьць зь ім кантактаваць, накіроўваць да яго адваката, дазнавацца, калі адбудзецца суд, калі скончыцца сьледзтва і г.д. А ліставаньне наша скончылася даўно з абсалютна незразумелых прычынаў».

Нават у тым разе, калі Андрэй Клімаў падаў скаргу на прысуд, у хуткім часе яго маюць перавесьці адбываць пакараньне ў папраўчую калёнію.

Гэта трэцяя судзімасьць Андрэя Клімава. Першы раз яго арыштавалі 11 лютага 1998 году і ў жніўні 1999 году пакаралі пазбаўленьнем волі на 6 гадоў, абвінаваціўшы ў эканамічных злачынствах. Але на волю палітык выйшаў раней за прысуджаны тэрмін.

10 чэрвеня 2005 году Андрэя Клімава пакаралі абмежаваньнем волі на 18 месяцаў, прызнаўшы вінаватым у арганізацыі вулічнай акцыі пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. На волю Андрэй выйшаў 22 сьнежня 2006 году. А праз тры месяцы яго зноў арыштавалі.

У Цэнтральным судзе Менску паведамілі, што прысуд Клімаву пакуль што не набыў сілы. Гэта азначае, што Клімаў абскардзіў прысуд і хутчэй за ўсё па-ранейшаму знаходзіцца ў Менскім сьледчым ізалятары.