Віктару Ганчару спаўняецца 50 гадоў. Дзень нараджэньня зьніклага апазыцыйнага палітыка адзначаць сваякі й сябры, якія вераць, што імя Віктара Ганчара застанецца ў найноўшай гісторыі Беларусі. Між тым жонка Ганчара Зінаіда працягвае чакаць вяртаньня мужа. Зь Зінаідай Ганчар сёньня размаўляў наш карэспандэнт.
Ганчар: «Безумоўна, мы адзначым гэтае сьвята. Званілі Віцевы сябры, аднакурсьнікі, мы дамовіліся сустрэцца ў выходныя, каб адзначыць ягоны дзень нараджэньня. Абавязкова вып’ем за здароўе і ўдачу».
Шлях Віктара Ганчара ў палітыку быў тыповым для пачатку 1990-х гадоў, калі ў краіне задзьмулі вятры пераменаў.
Згадвае Алег Трусаў, які таксама абіраўся ў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня:
«Старыя партыйныя функцыянэры без паперкі не маглі публічна выступаць, а ён як выкладчык умеў гаварыць, да таго ж меў добрую агульную адукацыю, быў юрыстам. Гэта аказалася вельмі запатрабавана. Ён выглядаў вельмі прыстойна».
У сярэдзіне 1994 году Віктара Ганчара, які на першых прэзыдэнцкіх выбарах актыўна падтрымліваў кандыдатуру Алякандра Лукашэнкі, прызначылі намесьнікам старшыні ўраду.
Празь некалькі месяцаў Віктар Ганчар расчараваўся ў палітыцы першага прэзыдэнта і на знак пратэсту пайшоў у адстаўку. Потым нейкі час ён кіраваў Эканамічным судом СНД, зноў стаў дэпутатам, узначаліў Цэнтравыбаркам.
А пасьля таго, як прэзыдэнт разагнаў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, быў абраны віцэ-сьпікерам той большасьці, якая не прызнала вынікаў рэфэрэндуму 1996 году.
Менавіта намаганьнямі Віктара Ганчара ўвесну 1999 году апазыцыя правяла альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары. Зінаіда Ганчар мяркуе: калі б яе муж застаўся ў шэрагах дзейных апазыцыянэраў, сёньня ў краіне была б лепшая палітычная сытуацыя.
«Мне цяжка сказаць, чаго б ён дасягнуў, але дзеяньняў было б болей. Ва ўсялякім разе, тая кампанія альтэрнатыўных выбараў, якую Ганчар правёў у 1999 годзе, гэта, паводле палітолягаў, быў пік апазыцыйнай барацьбы. Бо ў ёй бралі ўдзел ня толькі палітыкі, а і простыя людзі. Гэта пад ягоным узьдзеяньнем гэтак шмат людзей згадала, што першы тэрмін прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі на той момант закончыўся», — кажа Зінаіда Ганчар.
Увечары 16 верасьня 1999 году Віктар Ганчар разам зь сябрам, бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім, які падтрымліваў ягоную палітычную дзейнасьць, паехаў у менскую лазьню на вуліцы Фабрычнай. Дахаты палітык не вярнуўся.
Былы сьледчы пракуратуры, цяпер праваабаронца Алег Воўчак, на наступны дзень аглядаў месца побач з лазьняй, дзе невядомыя спынілі джып Анатоля Красоўскага. Там Алег Воўчак убачыў аскепкі шкла ад аўтамабільных фараў і кроплі крыві на асфальце.
«Не было ніякага сумненьня, што гэта тут захапілі Ганчара і Красоўскага. Мы сабралі рэчавыя доказы, і потым Зінаіда аддала іх сьледчым. А пазьней экспэртыза пацьвердзіла, што кроў была Віктара Ганчара — і што менавіта там адбыўся захоп. Але сьледзтва гэтак і не знайшло тых, хто гэта зрабіў», — кажа Воўчак.
Зінаіда Ганчар, а таксама многія ў Беларусі і ў сьвеце лічаць, што за зьнікненьне палітыка Ганчара і бізнэсоўца Красоўскага адказнае найвышэйшае кіраўніцтва краіны. Аднак усе патрабаваньні да беларускіх уладаў правесьці новае незалежнае расьсьледаваньне гэтага зьнікненьня застаюцца без адказу.
«Выніку ніякага. Сьледзтва нібыта ідзе, яны кожныя тры месяцы мяне інфармуюць, што сьледзтва працягнутае, але больш нічога», — кажа Зінаіда Ганчар.
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода
|