| 
 Міністэрства замежных спраў Францыі распаўсюдзіла заяву з асуджэньнем факту масавых затрыманьняў пад час суду над актывістам «Маладога фронту» ў Баранавічах. 
			У прыватнасьці, у заяве намесніка прэс-сакратара міністэрства, адзначаецца, што «Францыя асуджае затрыманьне ў панядзелак у Баранавічах (Беларусь) каля дваццаці маладых апазіцыянераў перад будынкам суду, у якім пачынаўся працэс над іхнім сябрам Яраславам Грышчэнем, актывістам моладзевага руху «Малады Фронт». 
			Яна таксама асуджае здзейсьненае пры тых жа акалічнасьцях затрыманьне двух журналістаў-фатографаў Агенцтва Франс Прэс і Рэйтэрс пры выкананьні імі сваіх прафесійных абавязкаў. 
			Францыя нагадвае Беларусі аб узятых ёю абавязальніцтвах у галіне свабоды аб'яднаньняў, свабоды меркаваньняў і свабоды прэсы. 
			Яна занепакоеная пастаянным пагаршэньнем сітуацыі ў гэтай суседняй Еўрапейскаму Саюзу краіне. Францыя, у прыватнасьці з заклапочанасьцю адзначае, што шматлікія праваабарончыя арганізацыі, і ў прыватнасьці праваабарончае аб’яднаньне «Вясна», не былі перарэгістраваныя ў парушэньне рэзалюцыі Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. 
			  
			ПЦ «Вясна-96» 
					   
			 |