Акцыя салідарнасьці з Дашкевічам у Салігорску: затрымана 5 удзельнікаў
17 сентября 2007

Сёньня ў Салігорску ў 20:00 распачалася акцыя Салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам. Блізу 30 маладзёнаў утварылі ланцуг трымаючы сьвечкі і расьцяжку «Свабоду Дашкевічу». Праз некалькі хвілінаў супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць некалькіх удзельнікаў. Аднак, юнакі ўзяліся за рукі і селі на зямлю.

Каля 5 хвілінаў адбывалася нарада начальства міліцыі і было прынята рашэньня затрымаць з прымяненьнем фізычнае сілы. Маладзёнам заламывалі рукі, моцна штурхалі, ужывалі спэцсродкі, у прыватнасьці кайданкі, закідвалі ў міліцэйскі «варанок». Пад час правядзеньня зачысткі, людзі на плошчы скандавалі «Ганьба».

У выніку было затрымана 5 чалавек: Андрусь Тычына, Хрысьціна Самойлава, Рыгор Астапеня, Іван ды Ільля Шыла. У дачыненьні да Хрысьціны, Івана і Рыгора склалі пратаколы за «удзел у несанкцанаваным пікеце» і «непадпарадкаваньне міліцыі». Для непаўнагадовай Хрысьціны гэта другі пратакол за апошні месяц: 4 верасьня яна была затрымана спэцназам і абвінавачвана ва ўдзеле ў несанкцанаваным мерапрыемстве, Ільлю Шылу і Андруся Тычыну таксама двойчы затрымлівалі пад час акцыі падтрымкі ля салігорскага суду 4 верасьня. Іван Шыла цяпер мае 6 пратаколаў, што чакаюць разгляду ў салігорскім і баранавіцкім судох: па два за «дробнае хуліганства», «несанкцанаваную акцыю» «непадпарадкаваньне міліцыі».