|   Сёньня каля будынку беларускай амбасады ў Варшаве адбыўся пікет салідарнасьці з палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых палітыкаў і палітвязьняў. 
					Каля чатырох дзясяткаў перадусім студэнтаў зь Беларусі, якія вучацца ў польскай сталіцы па праграме імя Каліноўскага, прыйшлі да будынку амбасады зь Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі, партрэтамі зьніклых, палітвязьняў, плякатамі з надпісамі «Свабоду палітвязьням», «Дыктатара ў Гаагу». 
					«Я патрабую вызваленьня палітвязьняў і высьвятленьня лёсу зьніклых. Так гэтага і не зрабілі. А раптам яны жывыя?» — сказаў удзельнік пікету Сяржук Гіркін. 
					Беларусаў падтрымалі палякі: 
					«Нам дапамагалі ў камуністычныя часы іншыя народы. А цяпер, калі ў такой сытуацыі беларусы, мы таксама павінны ім дапамагаць. Каб тыя, хто змагаецца, ведалі, што яны не самотныя,» — кажа Томаш Бладынец. 
					Удзельнік акцыі наладзілі таксама гэпэнінг, у часе якога некалькі чалавек з чорнымі стужкамі на вачах нібыта глядзелі беларускае тэлебачаньне, якое замест праўдзівай інфармацыі адурманьвала іх «опіюмам для народу». 
					Напрыканцы пікету прысутныя запалілі сьвечкі і пакінулі іх каля будынку амбасады. 
					 
					Аляксей Дзікавіцкі 
					  Радыё Свабода 
					  
					 |