Прысуд Клімаву пакінулі без зменаў
2 октября 2007

Менскі гарадскі суд пакінуў без зменаў прысуд аднаму з лідэраў беларускай апазіцыі Андрэю Клімаву. Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў праваабаронца Валеры Шчукін. Працэс прайшоў пры зачыненых дзвярах: журналістаў і праваабаронцаў у залу суду не ўпусцілі.

За публікацыю артыкула ў Інтэрнэце Андрэй Клімаў быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі строга рэжыму. Клімава абвінавацілі ў закліках да звяржэння дзейнай улады.

Раней Клімаў, актыўны апанент Аляксандра Лукашэнкі, правёў 4 гады ў турме па абвінавачваннях у эканамічных злачынствах, а таксама быў прысуджаны да 15 месяцаў абмежавання свабоды («хіміі») за арганізацыю вулічных акцый пратэсту на Дзень Волі ў 2005-м годзе. «Міжнародная Амністыя» прызнала Андрэя Клімава Вязнем сумлення.


Хартыя’97