«Малады Фронт» будзе скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека ААН

08.10.2007

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь прызнаў правамерным рашэньне ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму адмовіць у рэгістрацыі грамадзкаму аб’яднаньню «Малады Фронт».

Падставамі для адмовы сталася тое, што, па меркаваньню чыноўнікаў, новаствораная арганізацыя мае на мэце «заклік да гвалтоўнай зьмены ўлады ў краіне, прапаганды міжнацыянальнай і расавай варожасьці», а таксама ранейшы ўдзел заснавальнікаў арганізацыі ў несанкцыянаваных акцыях ды адміністрацыйныя й крымінальныя справы, што былі раней заведзеныя на іх.

Сёньня калегія Вярхоўнага суду у складзе судзьдзяў Яхнавец і Бабкоў пад старшынствам судзьдзі Самалюка заслухала тлумачэньні прадстаўнікоў «Маладога Фронту» — Насту Лойку, Барыса Гарэцкага й Кірыла Шымановіча. Свае довады неправамернай дзейнасьці ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму агучылі прадстаўнікі грамадзкасьці — праваабаронцы Юры Чавусаў, Алена Танкачова й Вольга Смалянка.

На тое, каб вынесьці прысуд, калегіі Вярхоўнага суду хапіла 15 хвілін. Такім чынам Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэньне ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму аб адмове ў рэгістрацыі грамадзкаму аб’яднаньню «Малады Фронт”. Адзінае, што Вярхоўны суд адмяніў — гэта рашэньне Менскага суду аб спагнаньні дзяржаўнай пошліны з «Маладога Фронту» за правядзеньне папярэдняга судовага паседжаньня. Праваабаронцы адзначаюць, што створаны вельмі нэгатыўны для беларускай судовай практыкі прэцэдэнт.

Праваабаронца Юры Чавусаў: Суд вызначыў, што абставіны, паслужыўшыя адказам у рэгістрацыі, мелі месца. Гэта адзінае, што прагучала. За 15 хвілін быў вынесены вэрдыкт па гэтай складанай справе. Сапраўды, створаны небясьпечны прэцэдэнт, калі асобы заснавальнікаў становяцца падставай для таго, каб ацэньваць арганізацыю, рэгістраваць яе ці адмаўляць у рэгістрацыі. Аналягічная сытуацыя была й з праваабарончым цэнтрам «Вясна» — ім таксама адмовілі з-за таго, што некаторыя заснавальнікі прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці. Гэта вельмі небясьпечны факт.

Заснавальнікі «Маладога Фронту» будуць працягваць спрабаваць зарэгістраваць арганізацыю. Акрамя таго, маладафронтаўцы будуць апэляваць да міжнародных арганізацый, што займаюцца правамі чалавека, бо відавочны факт абмежаваньня правоў чалавека паводле яго палітычных і ідэйных поглядаў. Гаворыць прадстаўніца «Маладога Фронту» Наста Лойка:

Я чакала, што вынікі працэсу ў Вярхоўным судзе будуць значна лепшымі. Мы спадзяваліся, што вышэйшая інстанцыя адменіць хаця б часткова рашэньне гарадзкога суду. Мы будзем падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Да таго ж, надалей будзем спрабаваць зарэгістравацца, магчыма, як рэспубліканскае ці міжнароднае аб’яднаньне.

Нагадаю, што незарэгістраваная моладзевая арганізацыя «Малады Фронт» сем разоў спрабавала ўвайсьці ў прававое поле. Толькі ў гэтым годзе маладыя людзі двойчы спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю. І кожны раз Міністэрства юстыцыі адмаўляла ў гэтым. За апошнія паўтара гады чатырнаццаць чалавек былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці паводле 193 артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Па гэтым жа артыкуле на паўтара гады пазбаўленьня волі быў асуджаны лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч.