|         Адзін з заяўнікаў «Эўрапейскага маршу» Яўген Афнагель знаходзіцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Учора ён разам зь іншымі заяўнікамі наведаў Менгарвыканкам дзеля таго, каб атрымаць санкцыю на правядзеньне маршу. 
					Чыноўнікі Менгарвыканкаму не пагадзіліся на варыянт, які прапанавалі заяўнікі — маршрут ад Кастрычніцкай плошчы па праспэкце Незалежнасьці да будынку Нацыянальнай бібліятэкі. 
					Заяўнікі паведамілі, што людзі ўсё роўна выйдуць на акцыю і будуць зьбірацца каля сквэру Янкі Купалы. У выніку чыноўнікі папрасілі даць ім суткі на прыняцьце рашэньня і прызначылі сустрэчу на 9 кастрычніка на 12 гадзінаў. 
					Яўгена Афнагеля затрымалі літаральна празь некалькі хвілінаў пасьля таго, як ён пакінуў будынак Менгарвыканкаму. Яго адвезьлі ў суд Цэнтральнага раёну Менску, дзе судзьдзя Тацяна Паўлючук прысудзіла яму 10 сутак арышту. Яна пагадзілася з абвінавачаньнямі міліцыянтаў у тым, што Яўген Афнагель нібыта нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы. 
					Паводле рэдактаркі інтэрнэт-сайту «Хартыя-97» Натальлі Радзінай, яна ўначы патэлефанавала ў спэцпрыёмнік на Акрэсьціна, і супрацоўнікі міліцыі пацьвердзілі той факт, што Яўген Афнагель будзе адбываць 10 сутак арышту.  
					 					 
					Любоў Лунёва 
					  Радыё Свабода 
					  
					 |