Сёньня Менскі гарвыканкам разаслаў заяўнікам прызначанага на 14 кастрычніка Эўрапейскага маршу свой адказ. Маніфэстацыя дазволеная.
«Мы задаволеныя тым, што дазвол дадзены, але не задаволеныя тым, якія маршруты нам прапанаваныя»,— заявіў «Свабодзе» кіраўнік Аргкамітэту Эўрапейскага маршу Віктар Івашкевіч.
Падрабязнасьці адказу Віктар Івашкевіч трымае ў сакрэце да заўтра, каб абмеркаваць іх зь іншымі сябрамі аргкамітэту і заяўнікамі акцыі апазыцыі, якія сёньня ўначы маюць прыбыць з замежных камандзіровак.
«Мы абмяркуем рашэньне выканкама і магчымыя нашыя паводзіны ў сувязі зь ім ды выкажам сваю пазыцыю заўтра на прэсавай канфэрэнцыі. У любым выпадку Эўрапейскі марш адбудзецца. І магу сказаць, што некаторыя дыпляматычныя прадстаўнікі эўрапейскіх краін у Менску выступяць на мітынгу».
Валер Каліноўскі
Радыё Свабода
|