Затрыманьні грамадска-палітычных актывістаў Напярэдадні Еўрапейскага маршу

10.10.2007

Напярэдадні масавай акцыі апазіцыі «Еўрапейскі марш» ўлады распачалі прэвентыўныя затрыманьні грамадска-палітычных актывістаў.

Заява праваабарончага цэнтру «Вясна»

9 кастрычніка 2007 г. Мінгарвыканкам прыняў рашэньне пра дазвол на правядзеньне мітынгу і шэсьця 14 кастрычніка 2007 г. Аднак, нягледзячы на гэта, улады Беларусі распачалі кампанію па прэвентыўных затрыманьнях грамадзка-палітычных актывістаў па ўсёй краіне. Так, учора супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя грамадзкія актывісты у г. Гомель Уладзімір Кацора, Андрэй Толчын і Васіль Палякоў. Адбыліся затрыманьні грамадзка-палітычных актывістаў у г. Гродна — Віктара Сзонава, Юрыя Істоміна, Дзьмітрыя Слуцкага, Івана Рамана а таксама ў г. Мінску грамадзкага актывіста Аляксандра Атрошчанку. Сярод затрыманых — адзін з заяўляльнікаў Еўрапейскага маршу Яўген Афнагель, які быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі непасрэдна пасьля перамоваў з прадстаўнікамі Мінгарвыканкаму.

Пачынаючы з вясны 2006 года практыка прывентыўных затрыманьняў грамадзка-палітычных актывістаў апазіцыі напярэдадні палітычных падзеяў па надуманых, сфабрыкаваных абставінах мае сталы характар і сьведчыць пра рэпрэсіўны характар беларускага рэжыму і адсутнасьць незалежнай судовай сістэмы ў краіне. Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае, што ўсе прысуды па адміністратыўных справах супраць зарыманых актывістаў мае палітычны і заведама незаконны характар.

Праваабароны цэнтр «Вясна» настойліва заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх незаконна арыштаваных актывістаў апазіцыі і прыняць меры па рэалізацыі права грамадзянаў Беларусі на правядзеньне мірных сходаў, гарантаваных Канстытуцый краіны і Міжнародным Пактам пра грамадзянскія і палітычныя правы, які быў ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае ўлады Белрусі ўстрымацца ад выкарыстаньня супраць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі нічым нематываванай фізічнай сілы і арыштаў.