Эўрапейскі марш прайшоў вуліцамі Варшавы
14 октября 2007

Эўрапейскі марш прайшоў сёньня і ў Варшаве. Беларусы, якія жывуць у польскай сталіцы, а таксама жыхары Варшавы прыйшлі падтрымаць удзельнікаў маршу ў Менску.

Эўрапейскі марш пачаўся на варшаўскім пляцы Канстытуцыі, дзе адбыўся акустычны канцэрт беларускай музыкі.

«Гэтая акцыя робіцца дзеля таго, каб паказаць, што Беларусь — гэта эўрапейская краіна і мае права імкнуцца да Эўразьвязу, паказаць падтрымку палякаў у тым, каб Беларусь была ў эўрапейскай супольнасьці», — кажа Віталь Лоцманаў, адзін зь лідэраў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі — арганізатара акцыі.

У маршы ўзялі ўдзел грамадзяне розных эўрапейскіх краінаў:

«Я прыйшоў, каб патрымаць імкненьне беларусаў да Эўразьвязу».

«Я прыйшла, каб выказаць сваю падтрымку беларусам».

Былы віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч, які таксама прыйшоў на марш, напярэдадні вярнуўся з польска-беларускай мяжы: у Беларусь, на марш у Менску, яго не ўпусьцілі.

«На шчасьце, я пасьпеў вярнуцца ў Варшаву, каб далучыцца да гэтага маршу, — сказаў Анышкевіч. — Беларусы павінны мець падтрымку. Я добра памятаю з 1970-х гадоў, якімі важнымі для нас былі ўсе акцыі салідарнасьці з-за мяжы. Мы тут, у Польшчы, павінны як мага мацней паказваць беларускім дэмакратычным сілам, што мы іх падтрымліваем».

Удзельнікі маршу, а іх было каля сотні, прайшлі па адной з цэнтральных вуліц Варшавы — вуліцы Маршалкоўскай — да Банкаўскай плошчы, дзе ў паветра былі выпушчаныя паветраныя шарыкі зь бел-чырвона-белымі стужкамі на знак салідарнасьці зь беларусамі, якія ўзялі ўдзел у маршы ў Менску.

 

Радыё Свабода