|    Рада Еўропы падзяляе пазіцыю Еўрапейскага Звязу па выкананні Беларуссю 12 умоў, неабходных для развіцця двухбаковых стасункаў, заявіў журналістам у Менску дакладчык ПАРЕ па сітуацыі ў Беларусі, намеснік старшыні Асамблеі Андрэа Рыгоні. «Мэтай нашага візіту з'яўляецца вывучэнне таго, як выконваецца праграма па выкананні 12 пунктаў Еўрапейскага Звязу. У гэтым сэнсе мы выказалі сваё меркаванне, меркаванне Рады Еўропы», — адзначыў А.Рыгоні. 
			Ён сказаў, што «супрацоўніцтва прадугледжвае пэўныя крокі, якія неабходна рабіць разам». «Маё наведванне Беларусі звязанае з тым, каб падаць справаздачу аб выкананні гэтых 12 пунктаў і даць аб'ектыўную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі», — заявіў дакладчык ПАРЕ. А.Рыгоні ўдакладніў, што яго цікавяць пытанні «станы дэмакратыі, захавання правоў чалавека, развіццё супрацоўніцтва паміж уладай і ўсімі дэмакратычнымі інстытутамі». 
			Нагадаем, што 14 кастрычніка ў Менску з ініцыятывы грамадзянскай супольнасці прайшоў Еўрапейскі Марш, мэтай якога была дэманстрацыя еўрапейскага выбару беларусаў і заклік да ўлад прыняць 12 прапаноў Еўразвяза. Ініцыятыву правядзення Еўрапейскага Марша ў Менску вітала кіраўніцтва Еўрапейскага Звязу. 
			Пасля акцыі арганізатары Еўрапейскага Марша заявілі, што дэмакратычныя сілы Беларусі будуць праводзіць кампанію «Еўрапейскі Марш» датуль, пакуль улады не прымуць 12 прапаноў Еўразвяза. 
			  
			
Хартыя`97 
					   
			 |