У Менску прайшоў Дзень салідарнасці

17.10.2007

16 кастрычніка, у Дзень беларускай салідарнасці, перад касцёлам святога Язэпа ў Менску прайшла акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Людзі, якія прыйшлі на акцыю, трымалі ў руках партрэты арыштаваных напярэдадні Еўрапейскага Марша моладзевых лідэраў Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча і Паўла Кур’яновіча. Прыкметна вылучаўся вялікі партрэт палітвязня, лідэра «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча, які адбывае тэрмін у шклоўскай калоніі за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі».

Удзельнікі акцыі маліліся таксама аб вяртанні касцёла святога Язэпа Каталіцкай царквы. Як вядома, раней існаваў праект улад аб рэканструкцыі будынка касцёла і манастыра ў гасцінічны комплекс. Планавалася, што фінансаваць і будаваць гасцініцу будзе будаўнічая фірма адной з арабскіх краін. Беларускія каталікі актыўна змагаліся за касцёл: кожны дзень каля храма праходзілі набажэнствы за вяртанне касцёла вернікам. У барацьбе за храм удзельнічалі не толькі каталікі, але і праваслаўныя, пратэстанты, вернікі іншых канфесій.

Пераабсталяваць культавы будынак у гасцінічна-забаўляльны комплекс улады раздумаўся, аднак касцёл каталікам пакуль не вярнулі.

На акцыі ўчора прысутнічалі каля дзесятка супрацоўнікаў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП) у цывільным. Удзельнікам акцыі яны не заміналі, а толькі здымалі іх на відэакамеру.