Тры гады без Веранікі
19 октября 2007

20 кастрычніка спаўняецца тры гады з дня забойства Веранікі Чаркасавай. Сёння журналісты ўскладуць кветкі на могілках у Калодзішчах, дзе пахаваная наша калега.

Следства «не мае паведаміць па гэтай справе нічога новага», сказаў 18 кастрычніка прэс-службе БАЖ начальнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў. Гэта значыць, што расследаванне з лютага 2007 г. прыпынена.

Журналістка недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніка Чаркасава была жорстка забітая 20 кастрычніка 2004 г. у сваёй кватэры ў Мінску. Яе цела са шматлікімі нажавымі раненнямі знайшлі 15-гадовы сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка.

На допыце 19 лістапада ім паведамілі, што са сведкаў яны сталі падазраванымі. У пастанове пракуратуры было пазначана, што апэратыўным шляхам атрыманая інфармацыя, якая сведчыць пра дачыненне Філімонава і Мялешкі да забойства журналісткі. Асноўнай версіяй было вызначана забойства на бытавой глебе.

Толькі 18 красавіка 2005 г. начальнік следчага аддзела Пракуратуры г. Мінска С. Іваноў вырашыў спыніць крымінальны пераслед Антона Філімонава і Уладзіміра Мялешкі «за адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства».

З таго часу следства некалькі разоў аднаўлялі і зноў прыпынялі з адной фармулёўкай: «у сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага». У апошні раз яно было прыпынена 8 месяцаў таму — у лютым 2007 г.

Між тым, журналісцкае расследаванне, праведзенае журналістам Сяргеем Сацуком, дае падставы меркаваць, што забойства В. Чаркасавай здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе. Артыкул С. Сацука называўся «Страх как достаточное основание, или Кто расправился с Вероникой Черкасовой?»

Яшчэ адна «прафесійная» версія была вылучана журналістамі Творчай майстэрні «Агенцтва журналісцкіх расследаванняў» у артыкуле «Цана жыцця», які з’явіўся ў красавіку 2006 г. Па меркаванні аўтараў публікацыі, Вераніка, сама таго не ўсведамляючы, магла трапіць на самы «гарачы край» барацьбы паміж дзвюма кланавымі групаўкамі краіны і магла валодаць інфармацыяй, апублікаванне якой пагражала аднаму з канфліктуючых бакоў стратай вялікіх грошай.

У красавіку 2006 г. у Інтэрнэце з'явіўся сайт, прысвечаны справе аб забойстве Веранікі Чаркасавай: http://www.veronikacherkasova.org. На сайце змяшчаецца інфармацыя датычна ходу расследавання яе забойства, публікацыі на гэтую тэму ў беларускай і замежнай прэсе, заявы беларускіх і міжнародных арганізацый па гэтай справе і г.д.