29 кастрычніка 1937 году ў Менску расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў інтэлігенцыі

30.10.2007

29 кастрычніка 1937 году ў Менску адбылася акцыя, аналягаў якой яшчэ ня ведала гісторыя. На працягу ночы былі расстраляныя 22 беларускія літаратары, у наступную ноч яшчэ чацьвёра.

Пісьменьнік Леанід Маракоў, які днямі прэзэнтаваў сваю кнігу “Ахвяры і карнікі”, кажа:

“Тады, 29 і 30 кастрычніка, у Менску ўсяго расстралялі каля 100 чалавек, эліту нацыі, інтэлігенцыю. А любімыя дні ў катаў для расстрэлаў былі — менавіта кастрычніцкія сьвяты і Дзень Чырвонай Арміі”.

Ахвярамі сталінскага генацыду 29 кастрычніка сталі літаратары Якаў Бранштэйн, Віктар Вайноў, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Хацкель Дунец, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Язэп Каранеўскі, Майсей Кульбак, Аляксей Кучынскі, Саламон Левін, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Зяма Півавараў, Васіль Сташэўскі, Ізя Харык, Пятро Хатулёў, Міхась Чарот, Макар Шалай, Павел Шастакоў, Арон Юдэльсон. У наступную ноч расстралялі Прохара Іспраўнікава, Янку Нёманскага, Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна. Усяго — 26 чалавек. Не ратавалі ні ўзрост, ні талент, ні пасада. Паэту Валер'ю Маракову было 27, яго высока цаніў Янка Купала. Міхась Чарот быў рэдактарам “Советской Белоруссии”, Платон Галавач – сакратаром ЦК камсамолу Беларусі. І яго расстралялі ў дзень нараджэньня камсамолу.

На пачатку 1990-х, калі старшынём КДБ быў Эдуард Шыркоўскі, літаратуразнаўца Лідзія Савік была дапушчаная ў архівы КДБ:

“Мы вельмі спадзяваліся, што ў архівах знойдзем іхныя творы. Мы ж ужо ведалі, што разам зь літаратарамі арыштоўвалі і іхныя творы, нават тыя, якія ўжо пасьпелі выйсьці. Аднак мы натыкаліся ў пратаколах арышту на “Акт аб спаленьні”. У Міхася Зарэцкага быў напісаны раман “Крывічы”, першая частка ўжо была надрукаваная. І мы чытаем: “800 старонак рукапісу Міхася Зарэцкага спаліць як ня маючыя літаратурнай каштоўнасьці”. І другое, на што мы натыкаліся — “Акт аб прывядзеньні прысуду ў дзеяньне”.

Лідзія Савік на ўласныя вочы бачыла і пратаколы допытаў, і сьмяротныя прысуды, падпісаныя тагачасным старшынём Вярхоўнага суду Васілём Карпікам, у якіх пісалі “прыгавораны да вышэйшай меры сацыяльнай абароны”. Лідзія Сымонаўна кажа, што падчас працы ў архіве яна шукала дакладную інфармацыю, дзе і калі былі расстраляныя людзі, бо ў савецкіх выданьнях, энцыкляпэдыях, калі згадваліся гэтыя людзі, былі непраўдзівыя зьвесткі:

“Нідзе ня згадвалася, што яны расстраляныя ці памерлі ў 1937 годзе. Заўсёды былі непраўдзівыя зьвесткі кшталту “памёр ад разрыву сэрца ў 1941 ці 1943 годзе. І сапраўды, з пратаколаў мы “выведвалі” сапраўдныя даты расстрэлу і тое, што яны расстраляныя ў Менску. Хутчэй за ўсё, у Курапатах, на ўскрайку Парку Чалюскінцаў, у Лошыцы”.

Каля ста беларускіх літаратараў загінулі ў ГУЛАГу, ня вытрымаўшы зьдзекаў і ўмоваў жыцьця. А ўсяго было рэпрэсавана больш за 500 прафэсійных літаратараў.

Набажэнства на месцах пахаваньняў адпраўляў праваслаўны сьвятар Леанід Акаловіч. Запалілі сьвечкі і ўсклалі кветкі на Кальварыі, у Лошыцы, Трасьцянцы, парку Чалюскінцаў.

Гутару з удзельнікамі акцыі памяці:

Спадарыня: “Мяне завуць Людміла Белахвостава. Я прыйшла сюды, бо такую трагедыю забыць немагчыма: 70 гадоў таму было забіта больш за сто чалавек”.

Спадарыня: “Я прыйшла паводле поклічу свайго сэрца. Бо 70 гадоў таму былі закатаваныя прадстаўнікі беларускай эліты. І кожны сумленны чалавек павінен гэта памятаць”.

Сярод удзельнікаў помнай імпрэзы былі вядомыя палітыкі й грамадзкія дзеячы, такія, як Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Мікола Купава ды іншыя.

Гаворыць Павал Севярынец:

“Безумоўна, кожны беларус павінен пабыць у гэтых месцах Менску, дзе пахаваныя беларускія пакутнікі ад камунізму. Бо дух камунізму дзейнічае і дагэтуль. Тое, што мы бачым лініі Сталіна, ушанаваньне Леніна з боку ўладаў, паказвае на тое, што гэтае змаганьне ня скончанае”.

Жалобная імпрэза адбылася з ініцыятывы аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Плянавалася, што ў Курапатах адбудзецца мітынг-рэквіем, аднак улады яго забаранілі, кажа адна з арганізатарак Ларыса Андросік:

“Дазволу не далі, матываваўшы тым, што нясвоечасова падалі заяўку. Але ўсе гэтыя месцы мы ўшануем”.

Набажэнствам з удзелам сьвятароў грэка-каталіцкай канфэсіі акцыя памяці завяршылася ў Курапатах.

Аднак жалобныя імпрэзы да 70-й гадавіны кульмінацыі бальшавіцкага тэрору гэтым не завяршаюцца, паведаміў гісторык Ігар Кузьняцоў:

“Ад нас чакаюць, што сёньня мы правядзем імпрэзы й на гэтым усё завершыцца. Аднак на гэтым усё не завершыцца: наперадзе грамадзкі суд над сталінізмам, наперадзе праца над ушанаваньнем памяці ахвяраў. Таму гэтая праца будзе працягвацца”.

Удзельнікаў акцыі памяці ўсю дарогу супрацоўнікі міліцыі й невядомыя асобы ў цывільным.

Грамадзкі аргкамітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў паўстаў у 2006 годзе дзеля падрыхтоўкі помных імпрэзаў да 70-х угодкаў кульмінацыі бальшавіцкага тэрору 1937 году.

Аргкамітэт складаюць прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, палітыкі, навукоўцы, былыя рэпрэсаваныя. Яго ўзначальваюць навуковец Ігар Кузьняцоў і пісьменьнік Васіль Якавенка, акадэмік Радзім Гарэцкі.

Сябры аргкамітэту прапанавалі ўладам абвясьціць 2007 год Годам памяці ахвяраў рэпрэсіяў 1920-1950-х гадоў, а 29 кастрычніка — Днём памяці ў Беларусі. Аднак былы старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка назваў гэтую прапанову “нямэтазгоднай”.

Напярэдадні ў Курапатах адбылося традыцыйнае масавае шэсьце і мітынг, прымеркаваныя да Дзядоў. Днямі тут аднавілі Крыж пакутаў. Раней яго разбурылі невядомыя зламысьнікі.