|   8 лістапада газэта «Комсомольская правда в Белоруссии» наладзіла прамую лінію сувязі зь міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым. Наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч скарыстаўся гэтай магчымасьцю. Вось што ў яго атрымалася. 
					Карэспандэнт: «Добры дзень, спадар міністар. Мяне завуць Алег, я званю вам зь Менску. Ці былі вы калі ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці?» 
					Навумаў: «Не, ніколі». 
					Карэспандэнт: «Там жыве маці былога міністра ўнутраных спраў Юр’я Захаранкі, вашага калегі, які зьнік восем гадоў таму. Калі гэта адбылося, міліцыя абяцала яго знайсьці, казалі, што справа гонару — высьветліць ягоны лёс. Што дзеля гэтага робіцца, што асабіста вы дзеля гэтага робіце?» 
					Навумаў: «Ведаеце, у мяне сёньня іншая тэма. Але мы з вамі дастаткова часта сустракаемся, я вас па голасе пазнаў. Мы абавязкова з вамі на гэтую тэму яшчэ пагаворым». 
					Карэспандэнт: «Так, гэта я, Алег Грузьдзіловіч. Але чаму вы пазьбягаеце адказу на пытаньне, якое тычыцца вашай працы?» 
					Навумаў: «Сёньня тэма размовы іншая, гэта першае. Па-другое, мне трэба падрыхтавацца, каб вам аб’ектыўна распавесьці, што робіцца ў гэтым кірунку». 
					Тэмай прамой лініі зь міністрам Навумавым, якую арганізавала газэта, была сытуацыя на дарогах краіны і зьмены ў правілах дарожнага руху. Аднак людзі задавалі міністру самыя розныя пытаньні, якія тычацца працы міліцыі. 
					Нагадаем, былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка быў скрадзены невядомымі ў траўні 1999 году. Расьсьледаваньне ягонай справы дагэтуль не завяршылася. 
					Многія ў Беларусі і ў сьвеце лічаць, што выкраданьне вядомага апазыцыянэра замовіла кіраўніцтва Беларусі. Міністар Уладзімер Навумаў уваходзіць у сьпіс асобаў, якіх падазраюць у датычнасьці да гэтага злачынства. Яму забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу й ЗША.  
					  
					Радыё Свабода 
					  
					 |