ЗША замарозілі рахункі «Белнафтахіма»

13.11.2007

У аўторак, 13 лістапада, адміністрацыя Джорджа Буша замарозіла рахункі беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім». Прычынай гэтага амерыканскія ўлады назвалі тое, што канцэрн кантралюецца Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе сенсацыйную навіну агенцтва Associated Press. Як вядома, ЗША патрабуюць спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць палітвязняў.

Уведзеныя міністэрствам фінансаў ЗША санкцыі тычацца ўсіх прадстаўніцтваў «Белнафтахіма» ў Нямеччыне, Украіне, Латвіі, Расеі і Кітаі, а таксама амерыканскага даччынага падраздзялення канцэрна Belneftekhim USA, паведамляе Телегаф.by са спасылкай на Associated Press.

«Сённяшнія дзеянні робяць больш жорсткімі нашы санкцыі супраць Лукашэнкі і яго асяродка шляхам накладання фінансавых санкцый на буйны кангламерат, падкантрольны рэжыму», — пракаментаваў замарожванне рахункаў «Белнафтахіма» Адам Жубін (Adam Szubin), дырэктар упраўлення па кантролі замежных актываў (OFAC) міністэрства фінансаў ЗША.

Урад CША пайшоў на гэтую меру згодна з леташнім указам прэзідэнта Джорджа Буша, у якім Лукашэнка і прадстаўнікі яго адміністрацыі абвінавачваюцца ў прыгнёце апазіцыі. Паводле дадзенага дакумента ўрад ЗША атрымаў права накладаць фінансавыя санкцыі на асобы і кампаніі, якія палічыць адказнымі за замінанне дэмакратычным працэсам у Беларусі, альбо якія належаць або кантралююцца Лукашэнкам, паведамляе Associated Press.

Як паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, на мінулым тыдні намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмер паведаміў, што Вашынгтон пойдзе на новыя санкцыі ў дачыненні ўлад Беларусі. Прадстаўнік дзярждэпартаменту ЗША адзначыў: новыя санкцыі звязаныя з тым, што беларускія ўлады адмовіліся выпусціць на свабоду палітвязняў.

«Я шкадую, што палітвязні не былі вызваленыя, наадварот, мы бачылі, што рэжым узмацніў ціск на апазіцыю і актывістаў няўрадавых арганізацый», — заявіў прадстаўнік дзярждэпартаменту ЗША.