|    Роўна год таму Еўразвяз зрабіў Беларусі 12 прапаноў, нагадвае Хартыя`97. 
			Еўразвяз гатовы развіваць «блізкія ўзаемаадносіны з Беларуссю і яе народам, як толькі беларускі ўрад прадэманструе павагу да дэмакратычных каштоўнасцяў і асноўных правоў беларускіх грамадзян». Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай прэс-службай прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ва Украіне і Беларусі. 
			У заяве адзначаецца, што прайшоў год з таго моманту, як Еўракамісія апублікавала дакумент «Што Еўрапейскі Звяз можа даць Беларусі». Ён прапаноўвае краіне паўнавартаснае партнёрства ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства (ЕПД) і пералічвае тыя перавагі, якія можа прынесці беларускім грамадзянам такое партнёрства Беларусі і ЕЗ. Гаворка, у прыватнасці, ідзе пра спрашчэнне паездак у ЕЗ, магчымасці працаваць і вучыцца ў ЕЗ, дадатковыя магчымасці для вядзення бізнэсу і гандлю ў ЕЗ, а таксама пра дапамогу Еўразвяза Беларусі ў правядзенні неабходных рэформ у галінах аховы здароўя і адукацыі, грамадскай адміністрацыі і мясцовага кіравання. 
			Як адзначаецца ў паведамленні прэс-службы, для паўнавартаснага ўдзелу Беларусі ў ЕПД беларускія ўлады павінны зрабіць «пэўныя крокі да павагі дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права». Сярод гэтых мераў, у прыватнасці, называецца вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, павага свабоды слова, свабоды сродкаў масавай інфармацыі і сходаў, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў, расследаванне спраў зніклых людзей і павага правоў меншасцяў. 
			«Праз адзін год пасля апублікавання прапанова ЕЗ па-ранейшаму застаецца ў сіле», — падкрэсліваецца ў паведамленні. 
			Цягам года грамадзянская супольнасць даводзіла інфармацыю пра прапановы Еўразвяза да беларусаў. Еўрапейскі Марш, які адбыўся ў Менску 14 кастрычніка, стаў адказам грамадзянскай супольнасці на прапановы ЕЗ. Кіраўніцтва Еўразвяза прывітала рэакцыю беларускага народа на прапановы ЕЗ і адзначыла, што ўлады за мінулы год не выканалі ніводнай з іх. 
			Еўразвяз заклікае, каб беларускія ўлады: 
			1. паважалі права народа Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам — іх права чуць усе меркаванні і бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазіцыйных кандыдатаў і груп падтрымкі праводзіць кампаніі без прыгнёту, судовага пераследу або турэмнага зняволення; незалежнае назіранне за выбарамі, беларускімі няўрадавымі арганізацыямі ўключна; права волевыяўлення і права на справядлівы падлік галасоў; 
			2. паважалі права народа Беларусі на незалежную інфармацыю, а таксама на свабоду слова, у прыватнасці, дазволіўшы журналістам працаваць без прыгнёту або судовага пераследу, не закрываючы газеты і не замінаючы іх распаўсюджванню; 
			3. паважалі правы грамадскіх арганізацый, як жыццёва важнай часткі здаровай дэмакратыі — не ўскладняючы іх законнае існаванне, не прыгнятаючы і не пераследваючы сябраў грамадскіх арганізацый, і дазваляючы ім атрымоўваць міжнародную дапамогу; 
			4. вызвалілі ўсіх палітычных зняволеных — сябраў дэмакратычных апазіцыйных партый, сябраў і звычайных грамадзян, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і сустрэч; 
			5. належным чынам правялі незалежнае расследаванне або перагледзелі выпадкі з знікненнем грамадзян; 
			6. забяспечылі права народа Беларусі на незалежную і непрадузятую судовую сістэму, дзе суддзі б не траплялі пад палітычны ціск, не праводзіліся б адвольныя і неабгрунтаваныя крымінальныя пераследы альбо не прымаліся б палітычна матываваныя рашэнні, такія як арышт грамадзян, якія мірна выказваюць свае погляды; 
			7. спынілі адвольныя арышты, затрыманні і нявартае абыходжанне з людзьмі; 
			8. паважалі правы грамадзян Беларусі, належаць да нацыянальных меншасцяў; 
			9. паважалі працоўныя правы грамадзян Беларусі, у прыватнасці ,іх права на сяброўства ў прафсаюзах, і права прафсаюзаў дзейнічаць у абарону правоў чалавека; 
			10. паважалі правы грамадзян Беларусі на прадпрымальніцкую дзейнасць без празмернага ўмяшання ўлад; 
			11. далучыліся да другіх народаў Еўропы і забаранілі пакаранне смерцю; 
			12. выкарысталі падтрымку, якую прапаноўваюць Беларусі АБСЕ, ЕЗ і іншыя арганізацыі, каб дапамагчы ёй захоўваць правы чалавека. 
			ЕЗ гатовы аднавіць свае ўзаемаадносіны з Беларуссю і яе народам, як толькі ўрад Беларусі выкажа сваю павагу да дэмакратычных каштоўнасцяў і асноўных правоў грамадзян Беларусі. 
			   
			 |