Сябры аргкамітэту грамадзкай камісіі, якая займаецца рэабілітацыяй ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, вызначылі падзею, якую прапануюць лічыць пачаткам рэпрэсіяў беларускага рэжыму супраць грамадзянаў краіны.
У аргкамітэце грамадзкай камісіі дзеля рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў кажуць, што вызначэньне тэрміну пачатку рэпрэсіяў важнае для юрыдычна абгрунтаванай рэабілітацыі ахвяраў рэжыму.
Пра гэта заявіў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі былы адвакат Ігар Рынкевіч:
«Менавіта ад рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 году пачаў складацца мэханізм палітычных рэпрэсіяў у Рэспубліцы Беларусь. Далей у выніку розных выбараў і рэфэрэндумаў вузел у гэтых праблемах толькі зацягваўся, усё больш людзей перасьледавалі за іхныя перакананьні й палітычную дзейнасьць».
Паводле зьвестак грамадзкай камісіі дзеля рэабілітацыі, ад рэфэрэндуму 1996 году рэпрэсаваных у Беларусі болей за тысячу чалавек.
Зь іх прынамсі чатыры чалавекі скрадзеныя і, верагодна, загінулі, дзясяткі асудзілі да зьняволеньня, сотні былі адміністрацыйна арыштаваныя ці аштрафаваныя, многіх звольнілі з працы, іншыя эмігравалі ад перасьледу за мяжу ці збанкрутавалі з прычыны палітычнага перасьледу.
Незалежны юрыст Юры Балыкін адзначае, што рэфэрэндум адкрыў шлях да падпарадкаваньня іншых галінаў улады выканаўчай уладзе, а гэта прывяло, як ён лічыць, да дыктатуры.
Юрыст паказвае гэта на прыкладзе прадпрымальнікаў:
«Найперш гэта рэалізавалася ў эканамічнай галіне. Правялі дзьве перарэгістрацыі прадпрымальнікаў, увялі парадак пазасудовай ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня, суды цалкам падпарадкавалі кіраўніку дзяржавы. І цяпер суды ў эканамічных спрэчках найчасьцей становяцца на бок дзяржавы, якая забірае маёмасьць прадпрымальнікаў».
Сябра камісіі Ўладзімер Раманоўскі паведаміў, што складаюцца сьпісы ня толькі рэпрэсаваных, але і чыноўнікаў, датычных да рэпрэсіяў. “Пра стварэньне такой »шэрай кнігі» казаў Васіль Быкаў. Мы цяпер гэтую ідэю рэалізоўваем», — сказаў Уладзімер Раманоўскі.
Паводле іншага сябра грамадзкай камісіі, праваабаронцы Валера Шчукіна, у будучыні не абысьціся без закону пра люстрацыю — санкцыі супраць чыноўнікаў, якія бралі удзел ў рэпрэсіях:
«Абавязкова будуць прынятыя захады, каб такі чыноўнік ня толькі больш не служыў на дзяржаву, але і гэтыя гады не залічваліся яму ў тэрмін службы. Ад гэтага мусіць залежаць і памер пэнсіі».
Былы адвакат Ігар Рынкевіч удакладніў: грамадзкая камісія ўлічвае і справы рэпрэсаваных да лістапада 1996 году. Прыкладам, працаўнікоў мэтро, звольненых пасьля страйку ў 1995 годзе, а таксама актывістаў, якіх пакаралі за ўдзел у вулічных акцыях у сярэдзіне 1990-х гадоў. »Рэфэрэндум 1996 году — гэта толькі прававы пункт адліку», — патлумачыў Ігар Рынкевіч.
Нагадаем, на рэфэрэндум 1996 году выставілі такія зьмены ў Канстытуцыю, якія прадугледжвалі рэзкае пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта й адмянялі мэханізм спыненьня ягоных паўнамоцтваў праз імпічмэнт. Беларуская апазыцыя лічыць, што ўладзе ўдалося дамагчыся перамогі на гэтым рэфэрэндуме праз маніпуляваньне грамадзкай думкай.
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода
|