1000 смелых
10 декабря 2007

1000 прадпрымальнікаў выйшлі сёння на Кастрычніцкую плошчу Менска ў знак пратэсту супраць указаў Аляксандра Лукашэнкі, якія з новага года знішчаюць іх бізнэс.

Нягледзячы на тое, што прадпрымальнікаў у параўнанні з агульнай колькасцю ІП у Менску было не шмат, прысутных можна назваць сапраўднымі смельчакамі. Акцыі прайшлі таксама ў іншых гарадах Беларусі.

Нагадаем, што напярэдадні акцыі былі затрыманыя яе заяўнікі Аляксандр Макаеў, Аляксандр Цацура, Віктар Крываль. Да пачатку збору ўдзельнікаў акцыі на плошчы знаходзіліся дзесяткі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Праз гукаўзмацняльнікі людзям пагражалі разгонам мітынгу і ўжываннем спецсродкаў. Здавалася, ужо нічога не будзе. Але людзі пачалі прыбываць на плошчу, пасля разгарнулі расцяжкі транспаранты «Свабоду прадпрымальніцтву», «Не — указу №760», «Указ №760 — тысячы новых беспрацоўных». Падбадзёрылі людзей сігнальныя гудкі аўтамабіляў, якія праязджалі паблізу. У адным з аўтамабіляў у вокны выставілі партрэты палітвязня Аляксандра Казуліна. Пазней высветлілася, што за рулём машыны была дачка палітвязня Вольга, якую неўзабаве затрымалі.

Тым не менш, прадпрымальнікі правялі мітынг на Кастрычніцкай плошчы. На прыступках Палаца рэспублікі выступілі лідэры прадпрымальнікаў з Менска і рэгіёнаў.

На мітынгу было абвешчанае пра пачатак з 1 студзеня 2008 года агульнанацыянальнага страйку. Удзельнікі акцыі прынялі таксама рэзалюцыю, якую яны намерваліся аднесці ў Дом урада. У ёй выяўлены пратэст супраць прэзідэнцкага ўказу № 760, паводле якога з 1 студзеня 2008 года ІП забароненае выкарыстоўваць працу наёмных працаўнікоў за выключэннем блізкіх сваякоў. «Гэта прывядзе да страты блізу 300 тыс. працоўных месцаў. < …> Улады зрабілі першы крок, пазбавіўшы ўсіх грамадзян сацыяльных гарантый, а другі крок пазбавіць ІП і наёмных працаўнікоў працоўных месцаў», — адзначаецца ў рэзалюцыі.

На думку яе аўтараў, «такая палітыка ўлад з'яўляецца антысацыяльнай, таму што на збядненне асуджаныя тысячы тых, хто ў прынцыпе не можа абысціся без наёмных працаўнікоў, — гэта маці-адзіночкі, цяжарныя і кормячыя жанчыны, інваліды і шматдзетныя сем'і».

«Мы заяўляем пра свой намер да канца змагацца за сваё права на існаванне і правесці шэраг негвалтоўных дзеянняў, накіраваных на адмену ўказу № 760, і заклікаем усіх ІП з 1 студзеня 2008 года сысці ў чарговы водпуск з няплатай падатку», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Выступы мітынгоўцаў наўмысна заглушалася музыкай, якая гучала з рэпрадуктараў. У дварах за Палацам рэспублікі стаялі аўтазакі і некалькі аўтобусаў з супрацоўнікамі АМАПу.

Праз гадзіну пасля пачатку акцыі, у 13.00 людзі рушылі ў бок Дому ўрада, каб перадаць рэзалюцыю ўладам. Калона дэманстрантаў змагла прайсці да плошчы Незалежнасці ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным.

Да прадпрымальнікаў выйшаў старшыня парламенцкай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычнаму комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтву Анатоль Паўловіч. Ён прапанаваў прадпрымальнікам сустрэцца ў самыя блізкія дні і абмеркаваць сітуацыю. Ён таксама гарантаваў удзельнікам акцыі, што яны не будуць затрыманыя і змогуць удзельнічаць у гэтай сустрэчы. Аднак пасля заканчэння акцыі ўсе яе арганізатары былі затрыманыя.

Сярод асноўных патрабаванняў прадпрымальнікаў — адмена дыскрымінацыйнага ўказу №760 ад 29 снежня 2006 года, спыненне судовага пераследу прадпрымальнікаў за выказванне свайго меркавання і выкананне ўрадам 12 умоў Еўрапейскага Звязу, сярод якіх павага правоў грамадзян Беларусі на справядлівы суд і прадпрымальніцкую дзейнасць без празмернага ўмяшання ўлад.

Сёння акцыі прадпрымальнікаў прайшлі таксама ў Віцебску, Светлагорску, Баранавічах, Бабруйску і іншых гарадах Беларусі. У некаторых гарадах былі таксама затрыманыя лідэры прадпрымальнікаў.

Віктар Iвашкевіч, Віктар Гарбачоў, Віктар Крываль, Віктар Калей, Аляксандр Цацура, Аляксандр Макаей, Барыс Гарэцкi, Крыстына Шацiкава, Аляксей Какараў затрыманы да суду, якi адбудзецца 11 сьнежня.