АМАП жорстка збіў удзельнікаў акцыі «За незалежную Беларусь!». Зміцер Хведарук у шпіталі

13.12.2007

Больш за сотню супрацоўнікаў АМАПу і міліцыі былі кінутыя супраць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі ў абарону незалежнасці Беларусі, якая прайшла 12 снежня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. Акцыя была прымеркаваная да прыезду ў Менск Уладзіміра Пуціна.

Беларусы намерваліся выказаць пратэст стварэнню «саюзнай дзяржавы» з Расеяй. У выніку ў цэнтры горада былі наладжаныя сапраўдная «зачысткі». Людзей, якія выйшлі на плошчу пад нацыянальнымі і афіцыйнымі дзяржаўнымі сцягамі, жорстка збівалі.

Ужо да пачатку акцыі, а 18 гадзіне Кастрычніцкая плошча была ачэпленая супрацоўнікамі АМАПу. На плошчу выйшлі актывісты кампаніі «Джынс — за свабоду!», «Малады Фронт», Партыі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і простыя грамадзяне. Людзей сталі хапаць на падыходзе да плошчы, пры гэтым іх нахабна абшуквалі, прымушалі адкрываць заплечнікі і, калі знаходзілі ў іх нацыянальныя або еўрапейскія сцягі, тут жа канфіскоўвалі. Такім чынам на плошчу здолелі прайсці 200 дэманстрантаў.

Выцясняючы прысутных, амапаўцы груба піхалі і білі людзей, ішлі на іх ланцугом нібыта эсэсаўцы. Але дэманстранты ўстойліва вытрымлівалі націск, паднімалі еўрапейскія, бел-чырвона-белыя і нават дзяржаўныя чырвона-зялёныя сцягі і скандавалі «Жыве Беларусь!».

Выцесненыя з плошчы людзі не сыходзілі і зноў спрабавалі вярнуцца на Кастрычніцкую. Гэтаму ўсяляк заміналі сілы АМАПу, якія наладзілі сапраўднае варварства — у прысутных вырывалі сцягі, ламалі тронкі і тапталі бел-чырвона-белыя полкі. Тых, хто спрабаваў аказваць супраціў, жорстка збівалі — нагамі, кулакамі. Аднак супрацьстаянне працягвалася не менш як паўгадзіну: дэманстранты падыходзілі зноў і зноў, паднімалі апаганеныя сцягі і скандавалі «За незалежную Беларусь!» і «Жыве Беларусь!».

Удзельнікі акцыі дзерлі партрэты Пуціна і нараўне з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі паднялі афіцыйныя чырвона-зялёныя сцягі. АМАП, які на іх накінуўся, вырываў і таптаў у тым ліку і афіцыйныя штандары.

Журналісты прэс-цэнтра Хартыі’97 чулі, як амапаўцы размаўлялі паміж сабою: «Чаго мы як дзеці іх тут ганяем? Уламіць бы адзін раз як след і ўсе справы!». Журналісткам, якія паведамлялі па тэлефоне пра збіенне дэманстрантаў, амапаўцы ў «жарт» казалі: «Яшчэ і гвалтаваць будзем!».

Па стане на 18.30 людзей выцеснілі з Кастрычніцкай плошчы да цырка да ракі Свіслач. Дэманстранты разгарнулі расцяжку «Тут не Расея!» і працягвалі скандаваць «Жыве Беларусь!». На прыступках у раёне Купалаўскага сквера амапаўцам па рацыі паступіла каманда «У Свіслач!», і яны пачалі піхаць людзей проста з высокіх прыступак уніз, у сквер Янкі Купалы. Пры гэтым амапаўцам было пляваць, што ў натоўпе былі пажылыя людзі, жанчыны з дзецьмі.

Адначасова працягвалася жорсткае збіванне ўдзельнікаў акцыі. Больш за ўсё пацярпеў адзін з лідэраў «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук. Пры падзенні ён ударыўся галавой аб асфальт, і амапаўцы прайшліся па ім нагамі. Удзельнікі акцыі неадкладна выклікалі «хуткую дапамогу» — Хведарука павезлі ў 9-ы шпіталь. Медыкі не выключаюць, што ў яго пераломы і страсенне мозгу.