Калядныя лісты беларускім палітвязьням
25 декабря 2007

Актывісты моладзевай арганізацыі «Ініцыятыва» сабралі і адаслалі больш за 1,5 тысячы калядных лістоў беларускім палітвязьням.

Некалькі сяброў моладзевай арганізацыі «Ініцыятыва» прыйшлі да будынку галоўнага паштамту ў чырвоных каўпаках Дзядоў Марозаў. Адзін зь іх трымаў вялізны мех зь лістамі падтрымкі беларускім палітвязьням. Каля паштовай скрыні, што ля ўваходу ў будынак, яны разьвязалі мех і дробнымі пачкамі пакідалі лісты ў скрыню. На капэртах былі пазначаныя адрасы турмаў, дзе трымаюць Зьмітра Дашкевіча, Аляксандра Казуліна, Андрэя Клімава і Артура Фінькевіча.

«Мы ладзілі кампанію цягам двух тыдняў: зьбіралі віншаваньні на такіх вось адмысловых паштоўках. Цяпер мы можам сказаць, што сабралі каля 1 200 віншаваньняў. У гэтым мяху іх большая частка, і цяпер мы іх пакідаем у скрыню і накіруем палітвязьням. Кожны зь іх атрымае шмат-шмат-шмат віншаваньняў з Раством Хрыстовым», — заявіў адзін з удзельнікаў акцыі, які прадставіўся Андрэем.

У той самы час, калі адбывалася акцыя ў Менску, актывісты арганізацыі, якія знаходзяцца ў Маскве, накіравалі ў беларускія турмы больш за 150 лістоў. Аналягічныя акцыі прайшлі ў Бабруйску і Полацку.

Пажаданьні і словы падтрымкі палітзьняволеным адрасавалі многія людзі. Гаворыць адзін зь іх, Максім:

«У нашай акцыі бралі ўдзел і пісалі паштоўкі вельмі разнастайныя людзі, пачынаючы ад «пацаноў» Фрунзенскага ці Ленінскага раёнаў і канчаючы кіраўніком місіі Міжнароднай арганізацыі працы, якая цяпер прыехала да нас. Таксама падпісаліся Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей, вельмі шмат палітыкаў».

Актывісты «Ініцыятывы» заявілі «Свабодзе», што будуць і надалей ладзіць акцыі салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі і іх сем’ямі. У студзені акцыі пад лёзунгамі вызваленьня палітвязьняў зьбіраюцца правесьці ўсе незарэгістраваныя моладзевыя арганізацыі. Іх плянуецца праводзіць амаль штодня.

 

Радыё Свабода