Артур Фінькевіч падаў касацыйную скаргу
27 декабря 2007

Актывіст маладзёжнай апазіцыі Артур Фінькевіч падаў 26 снежня касацыйную скаргу на рашэне суда Кастрычніцкага раёна Магілёва. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго сяброўка Таццяна Шапуцька.

Паводле яе слоў, А.Фінькевіч у касацыйнай скарзе поўнасцю адмаўляе сваю віну, прызнанне, зробленае ім падчас суда, і лічыць асуджэнне незаконным. Свае дзеянні на судзе ён тлумачыць тым, што ў той момант быў у дрэнным фізічным і псіхалагічным стане і не мог адэкватна рэагаваць на ход працэсу, бо знаходзіўся пад уздзеяннем лекаў.

Касацыйная скарга павінна быць разгледжана Магілёўскім абласным судом у месячны тэрмін. Увесь гэты час А.Фінькевіч будзе знаходзіцца ў следчым ізалятары.

Нагадаем, 20 снежня А.Фінькевіч, адзін з лідэраў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт», быў прыгавораны да 1,5 года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне вынес суд Кастрычніцкага раёна Магілёва, прызнаўшы А.Фінькевіча вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі).

А.Фінькевіч быў затрыманы ў Мінску ноччу 30 студзеня 2006 года за нанясенне на сцяну надпісу «Мы хочам новага!». 10 мая 2006 года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у злачынстве, прадугледжаным ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства), і прыгаварыў да двух гадоў абмежавання волі. Маладзёжны актывіст адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 43 Магілёва. 7 чэрвеня 2007 года яму было адмоўлена ва ўмоўна?датэрміновым вызваленні.

30 кастрычніка стала вядома, што А.Фінькевічу выстаўлена новае абвінавачанне — на падставе арт. 415 КК. Матывам была вялікая колькасць адміністрацыйных спагнанняў нібыта за парушэнне рэжыму. Згодна з гэтым артыкулам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў.