Ці назавуць менскую вуліцу імем Юрыя Захаранкі? 
					З такой ініцыятывай зьвярнуліся актывісты арганізацыі «Маладыя дэмакраты» да кіраўніка менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава. 
					«Гэта можа быць вуліца Жукоўскага, на якой Юрый Захаранка жыў і дзе яго скралі, ці нейкая іншая вуліца. Галоўнае — ушанаваць памяць вядомага палітыка і дзяржаўнага дзеяча, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі», — патлумачыў Радыё Свабода лідэр «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч. 
					    
					  Паводле Міхаіла Пашкевіча, цяпер актывісты вывучаюць магчымасьць падобнай ініцыятывы і адносна іншых зьніклых апазыцыянэраў — Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. 
					    
					  Нагадаем, Юрыя Захаранку скралі ў траўні 1999 году, гэтая справа ўсё яшчэ расьсьледуецца. Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі былі скрадзеныя ў верасьні 1999 году, іх лёс таксама ня высьветлены. Толькі журналіста Зьмітра Завадзкага, якога скралі ў 2000 годзе, суд прызнаў нябожчыкам, але цела былога апэратара ОРТ дагэтуль ня знойдзена.  
					  
					Алег Грузьдзіловіч 
Радыё	Свабода				 
					 				 
					
					 |