Усіх арыштаваных удзельнікаў акцыі пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу ў Беларусі, якая адбылася 10 студзеня ў Менску, трымаюць у турме на вуліцы Акрэсьціна.
Супрацоўнікі спэцпрыёмніка пагадзіліся прыняць ад сваякоў толькі цёплыя рэчы і прадметы асабістай гігіены. Ежу не перадалі ніводнаму з арыштаваных.
Сярод арыштаваных — лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка, прадпрымальнік Уладзімер Шыла, моладзевыя актывісты Аляксандр Баразенка, Ян Міхайлаў, Сяргей Клюеў, Арцём Дубскі ды іншыя.
Пяць чалавек трапілі ў турму з траўмамі. Сярод іх — Міхась Крываў. Ён распавёў «Свабодзе», што ўсіх зьбівалі ў аўтазаку:
«Мяне затрымалі на праспэкце Незалежнасьці, зацягнулі ў аўтазак, кінулі на падлогу. Байцы спэцназу міліцыі білі ў патыліцу дубінкамі. Білі ўсіх, хто там знаходзіўся. Дзяўчат таксама білі і зьдзекаваліся маральна. Казалі ўсялякія непрыстойнасьці, абражалі».
Студэнтка ўнівэрсытэту фізкультуры Тацяна Цішкевіч была зьбітая спэцназаўцамі ў аўтазаку. У судзе яна прадэманстравала куртку, залітую крывёю. Нягледзячы на тое, што міліцыянты не давалі нікому наблізіцца да затрыманых, Тацяна пасьпела сказаць некалькі словаў, калі яе выводзілі з судовай залі.
«На мяне вельмі гучна крычалі матам, білі... Абзываліся ўсяляк».
Тацяна адзіная, каго арыштавалі на 20 сутак. Дзяўчынкам, у адрозьненьне ад хлопцаў, даводзіцца адбываць арышт у больш жорсткіх умовах. Часьцей за ўсё іх трымаюць у адной камэры з жанчынамі-п’яніцамі, якіх арыштавалі пасьля таго, як сваякі выклікалі міліцыю, бо зь імі немагчыма было знаходзіцца ў адной кватэры. Даволі часта здараюцца выпадкі, калі міліцыянты выклікаюць псыхіятрычную брыгаду, бо ў п’яніц пачынаецца «белая гарачка», і тады яны ўяўляюць сур’ёзную небясьпеку для суседак па камэры.
Пасьля таго, як пачаў дзейнічаць новы Адміністрацыйна-выканаўчы кодэкс, супрацоўнікі спэцпрыёмнікаў больш не прымаюць для арыштаваных харчовыя перадачы. У судзе сябры і сваякі затрыманых таксама зь цяжкасьцямі могуць перадаць толькі ваду. Бацькі Арсеня Пахомава, які цяпер адбывае 15 сутак арышту прасілі ў Цэнтральным судзе мэдыкаў «хуткай» паўплываць на сытуацыю і перадаць затрыманым ежу, але безвынікова.
«Ён цяпер хварэе. У яго грып, апроч таго, горла, насмарк, хворы страўнік. Я прасіла перадаць каплі ў нос і таблеткі. Вельмі хвалююся. Ня ведаю, ці галодны ён, які ягоны стан. Але ўзялі цёплы швэдар».
Другі сакратар амбасады ЗША Стывэн Гілан выказаўся Радыё Свабода, што трымаць людзей некалькі гадзінаў без вады і ежы ёсьць парушэньнем іх элемэнтарных правоў:
«Мы спадзяемся, што ў будучыні ўлады лепш будуць клапаціцца пра гэтых маладых людзей».
Людзі, якія адбываюць арышты пасьля ўвядзеньня новых правілаў, адзначаюць, што харчаваньне ў турмах стала значна горшае. Цяпер на сьняданак даюць шклянку гарбаты і кавалак хлеба. Абед спалучаюць зь вячэрай — суп, каша і шклянка гарбаты.
У камэрах холадна. Не хапае сьвежага паветра. На шпацыр нікога не выводзяць. Апроч таго, так званых «палітычных» не вывозяць на грамадзкія працы. Душ дазваляецца раз на тыдзень.
Амбасада ЗША на Беларусi i камiсар Эўразьвязу па зьнешніх сувязях Бенiта Феррэра-Вальднер асудзiлi арышты ўдзельнiкаў мiтынга.
Любоў Лунёва
Радыё Свабода
|