Асуджаныя за салідарнасьць

17.01.2008

Напярэдадні абвешчанага на 21 студзеня мітынгу прадпрымальнікаў улады арганізавалі маштабную акцыю застрашваньня. Сёньня прайшлі суды над моладзевымі актывістамі, якіх масава затрымлівалі ў Менску 16 студзеня. Міліцыя працягвала хапаць людзей каля судоў. Колькасьць затрыманых дасягнула 45 чалавек.

На дадзены момант за кратамі на Акрэсьціна знаходзіцца 38 чалавек.

Спачатку 9 студзеня быў затрыманы і асуджаны да дзесяці сутак арышту Вячаслаў Сіўчык.

Падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня недалёка ад Кастрычніцкай плошчы былі затрыманыя 25 чалавек, 23 зь іх былі асуджаныя на суткі.

Цягам гэтага тыдня арыштавалі амаль усіх прадпрымальніцкіх лідэраў — Алеся Макаева, Сяргея Парсюкевіча, Алеся Таўстыку, на якіх супрацоўнікі міліцыі распачалі ледзь не паляваньне.

Таксама за кратамі апынуліся Карэн Акопаў, які вёў перамовы ад імя прадпрымальнікаў у Адміністрацыі прэзыдэнта, і Юлія Сіўцова, якая брала ўдзел у маніфэстацыі 10 студзеня.

Учора ля Цэнтральнага суду былі затрыманыя трое сяброў Моладзі БНФ, а ля Нямігі шасьцёра "маладафронтаўцаў". Усе яны сёньня атрымалі ад 10 да 20 сутак арышту.

Сёньня ж былі затрыманыя Зьміцер Хведарук і Мікіта Шуцянкоў.

Відавочна, што арыштамі ўлады намагаюцца зьбіць пратэстны настрой перад акцыя 21 студзеня.

Міліцыя затрымала моладзевага актывіста Зьмітра Хведарука. Гэта адбылося калі маладзён выходзіў з суду Цэнтральнага раёну, дзе сёньня адбываліся суды над затрыманымі ўчора. Пра гэта «НН» паведаміў Павал Севярынец.

Хведарука запіхалі ў аўтазак, пры гэтым ужыўшы фізычную сілу. Цяпер ён найхутчэй знаходзіца ў спэцпрыёмніку на Акрэсьціна.

Разам зь ім быў затрыманы адвакат Аляксандар Галіеў, але яго адпусьцілі празь некалькі хвілінаў.

Нагадаем, што 12 сьнежня АМОН моцна зьбіў Зьмітра Хведарука. Каля тыдня хлопец праляжаў у больніцы, дактары канстатавалі ў яго страсеньне мазгоў. Пасьля гэтага ў хлопца значна пагоршыўся зрок.

Судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менска Тацяна Паўлючук пакарала затрыманага 16 студзеня актывіста Моладзі БНФ Франака Вячорку адміністрацыйным арыштам на 15 сутак. Яго абвінавацілі ў парушэньні арт. 17.1 КаАП нібыта за лаянку пры затрыманьні.

Павал Кур'яновіч асуджаны на 20 сутак арышту, а Маўлюда Атакулава на 15 сутак.

Уладзімер Сяргееў, Юрась Станкевіч, Кася Галіцкая атрымалі па 15 сутак, Антон Каліноўскі — 10 сутак.

Міліцыя з дапамогай фізічнай сілы спрабавала перашкодзіць выкананьню сваіх абавязкаў фотажурналістцы «Нашай нівы» Юлі Дарашкевіч, якая знаходзілася ў памяшканьні суду Цэнтральнага раёну Менска. Тут зараз адбываюцца суды над затрыманымі ўчора моладзевымі актывістамі.

Гэты момант паспеў зьняць на мабільны тэлефон адзін з наведвальнікаў суда. Міліцыя гвалтам схапіла маладога чалавека, аднак тэлефона пры ім не аказалася. Тады супрацоўнікі міліцыі звярнуліся да праваабаронцы Валянціна Стэфановіча па дапамогу адшукаць мабільны тэлефон. Праваабаронца адмовіўся, патлумачыўшы, што ён не супрацоўнік МУСа і не мае такіх паўнамоцтваў. Сітуацыя у калідорах суду зараз досыць напружаная.

Актывістку незарэгістраванага «Маладога Фронту» Кацярыну Краснову абвінавацілі ў парушэньні артыкула 23.34 КаАП РБ за ўдзел ў несанкцыянаванай акцыі салідарнасці ўчора на Кастрычніцкай плошчы і пакаралі 15 суткамі арытшу

Суддзя Аляксей Бычко адмовіўся выклікаць сьведак з боку Красновай, якія маглі б паведаміць суду аб’ектыўную інфармацыю. Апроч таго, у матэрыялах судовай справы адсутнічае пратакол выняцьця партрэтаў палітзняволеных і іншай забароненай прадукцыі, у чым яе таксама абвінавачваюць.

У судзе Цэнтральнага раёну Менска пачалося слуханьне адміністрацыйнай справы актывіста «Джынс — за Свабоду» Максіма Вінярскага. Ён быў затрыманы ўчора міліцыянтамі нібыта за лаянку на ганку Цэнтральнага РУУС разам з Паўлам Кур’яновічам. Суд адбываецца з парушэньнем працэсуальнага заканадаўства: Вінярскага не азнаёмілі з пратаколам і не выдалі нават яго копію.

Між тым, у судзе быў абвешчаны перапынак, пасьля якога ў залу суда больш не дапусьцілі сяброў, блізкіх, журналістаў і праваабаронцаў. Фактычна, судовыя справы слухаюцца ў зачыненым рэжыме.