Пургурыдэс: для Беларусі ня можа быць іншых стандартаў

23.01.2008

Учора ў Страсбуры адбылося паседжаньне Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Спэцыяльны дакладчык гэтага камітэту па Беларусі, італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні прадставіў свой папярэдні даклад пра становішча ў краіне. Рыхтуючы яго, спадар Рыгоні ў кастрычніку 2007 году асабіста наведваў Менск.

Паседжаньне было адкрытым для любога дэпутата Парлямэнцкай асамблеі, які цікавіцца сытуацыяй у Беларусі. Такіх набралася каля 50 чалавек.

У сваім выступе спадар Рыгоні казаў пра тое, што дыялёг зь Беларусьсю патрэбны, што бакі павінны вызначаць тыя моманты, якія могуць спрыяць дыялёгу. І яго трэба працягваць, нягледзячы на ўсе складанасьці.

Афіцыйная беларуская дэлегацыя ў складзе сябраў Нацыянальнага сходу Натальлі Андрэйчык і Аляксандра Архіпава настойвала на тым, што ў краіне няма палітычных вязьняў. А тыя людзі, якія знаходзяцца за кратамі і якіх апазыцыя называе палітзьняволенымі, насамрэч — звычайныя парушальнікі закону.

Віктар Карняенка, які разам зь Вінцуком Вячоркам прадстаўляе ў Страсбуры палітычную апазыцыю, кажа:

«На жаль, часу было вельмі мала. І апазыцыю абмежавалі адным выступам. Было сказана пра тэндэнцыі, якія праглядаюцца з часу візыту спадара Рыгоні ў Беларусь — тады мы казалі, што існуюць нейкія моманты, якія абнадзейваюць. Ня зрухі, а толькі моманты. Цяпер жа ўсё зьмянілася наадварот, у горшы бок. На гэта мы перадусім і зьвярнулі ўвагу».

Віктар Карняенка сказаў, што ў дэбатах выступалі сябры ПАРЭ з шэрагу краінаў. У прыватнасьці, старшыня расейскага думскага камітэту ў міжнародных справах спадар Касачоў казаў пра тое, што Беларусі трэба вярнуць яе статус спэцыяльнага запрошанага ў Асамблею. Гэта, на яго думку, дапаможа Беларусі хутчэй выйсьці на шлях дэмакратыі. А ізаляцыя гэтаму перашкаджае.

Самым эмацыйным і дакладным, паводле спадара Карняенкі, быў выступ Хрыстаса Пургурыдэса:

«Ён сказаў, што, на жаль, руху наперад у Беларусі няма, што гэта самая жорсткая дыктатура ў Эўропе. І што ня можа быць для Беларусі ніякіх іншых стандартаў, як тыя, што існуюць ва ўсёй Эўропе».

Палітоляг, дарадца Аляксандра Мілінкевіча ў міжнародных пытаньнях Аляксандар Лагвінец так камэнтуе апошнія навіны са Страсбуру:

«Мне падаецца, што ёсьць пэўнае кола людзей у Эўропе, якія лічаць, што, паколькі беларускія дэмакратычныя сілы не такія ўжо моцныя, дык лепш за ўсё спрабаваць дамаўляцца з беларускімі ўладамі: шукаць нейкія паразуменьні і наладжваць эканамічныя масты.

У тым, што гэтая стратэгія можа быць пасьпяховай у працэсе дэмакратызацыі Беларусі, я вельмі моцна сумняюся. Але такі падыход існуе».

Напярэдадні ў Страсбуры абралі новага кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Ім стаў прадстаўнік сацыялістаў Гішпаніі Луіс Марыа дэ Пюіг. Ён зьмяніў Рэнэ ван дэр Ліндэна зь Нідэрляндаў.