Пра ўзмацненне кантролю за СМІ і інтэрнэт-прасторай з боку беларускіх улад гаворыцца ў штогадовым дакладзе амерыканскай арганізацыі «Камітэт абароны журналістаў» (CPJ) пра сітуацыю ў галіне свабоды прэсы ў краінах свету «Напады на прэсу 2007».
Даклад быў апублікаваны 4 лютага.
Праваабаронцы пералічваюць факты, якія, на іх думку, абмяжоўваюць свабоду слова ў Беларусі. Так, у лютым 2007 года Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову, якая абавязвае ўладальнікаў інтэрнэт-кафэ весці спісы сайтаў, на якія заходзяць іх кліенты, і падаваць іх праваахоўным органам.
Новыя законапалажэнні, нібыта накіраваныя на недапушчэнне заклікаў да гвалту і барацьбу з парнаграфіяй, выкарыстоўваюць, на думку CPJ, «расплывістыя фармулёўкі пры апісанні «забароненых» відаў дзейнасці ў Інтэрнэце, тлумачэнне якіх застаецца на сумленні службаў дзяржбяспекі».
Як паказала даследаванне міжнароднай групы праваабаронцаў, беларускія тэле- і радыёстанцыі «фактычна не даюць незалежнага асвятлення навін па палітычнай або іншай далікатнай тэматыцы».
У дакладзе гаворыцца пра ціск на незалежныя газеты «Витебский курьер», «Народную волю», «Наша Нива», «Товарищ», «Свободные новости плюс» і «Брестский курьер».
«Цягам 2007 года агенты КДБ і міліцыя арыштоўвалі журналістаў па сфабрыкаваных абвінавачваннях — ад дробных правапарушэнняў накшталт адсутнасці акрэдытацыі або «хуліганства» да такіх цяжкіх злачынстваў, напрыклад, дзяржаўная здрада», гаворыцца ў дакладзе CPJ. Сярод затрыманых нібыта за парушэнне рэжыму акрэдытацыі былі карэспандэнты радыё «Свабода», «Нямецкай хвалі», радыё «Палонія» і радыё «Рацыя».
У дакуменце таксама гаворыцца пра адсутнасць прагрэсу ў расследаванні знікнення ў ліпені 2000 года тэлеаператара Змітра Завадскага і забойства карэспандэнта газеты «Салідарнасць» Веранікі Чаркасавай у кастрычніку 2004 года.
«У 2007 годзе міжнародная грамадскасць працягвала заклікаць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку правесці палітычныя і эканамічныя рэформы і спыніць прыгнёт сяброў апазіцыйных партый і незалежных журналістаў», — адзначаецца ў дакладзе «Камітэта па абароне журналістаў».
Хартыя`97
|