5 лютага а 14 гадзіне выйшаў на волю палітвязень Артур Фінькевіч. Ля пастарунку ў Магілёве палітвязня ўжо чакалі сябры і паплечнікі. «Турма ніяк не паўплывала на мае перакананні, чым займаўся далей, тым і буду», — заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 Артур, дыхаючы ўжо вольным паветрам. Сёння раніцай калегія Магілёўскага абласнога суду скасавала пастанову Кастрычніцкага суду Магілёва пакараць Артура Фінькевіча на паўтары гады зняволення.
«Цудоўна пасля такога працяглага часу, нарэшце, адчуць сябе вольным. Я вельмі рады і задаволены зноў убачыць сяброў, родных, зноў быць свабодным чалавекам. Вядома, я ведаю, што мяне выпусцілі выключна з прычыны ціску на Лукашэнку з боку ЗША і Еўразвязу, ведаю пра пераслед у дачыненні да іншых. Але гэта не палохае мяне. Чым займаўся раней, тым і буду», — паведаміў Артур па тэлефоне.
Як распавёў ужо былы палітвязень, «якраз учора думаў, калі Дашкевіча выпусцілі за пару месяцаў да канца тэрміну, калі так нечакана выпусцілі Аўтуховіча з Лявонавым, то, напэўна, і мне скасуюць гэты ганебны прысуд. Але спадзеву, што пераслед за палітычную дзейнасць і перакананні ў краіне будзе спынены, пакуль не маю», — перакананы маладафронтавец.
У Магілёўскім абласным судзе пад старшынствам суддзі суддзі Ігара Прошкі сёння адбываўся разгляд касацыйнай скаргі па крымінальнай справе, заведзенай на палітвязьня аднаго з лідэраў «Маладога Фронту» Артура Фінькевіча. Калегія Магілёўскага абласнога суду скасавала пастанову Кастрычніцкага суда Магілёва пакараць Артура Фінькевіча на паўтары гады зняволення.
На разгляд скаргі прыехаў прадстаўнік Амбасады ЗША Луіс Крыжак, палітык Вячаслаў Сіўчык і некалькі дзесяткаў паплечнікаў А.Фінкевіча. У залі суду таксама прысутнічалі 4 міліцыянта ў цывільным.
У часе разгляду пракурор Каранькоў запатрабаваў для Артура 6 месяцаў і 20 дзён абмежавання волі. Палітвязень знаходзіўся за кратамі больш за 3 месяцы пасьля таго, як выйшаў тэрмін так званай «хіміі», прызначаны Фінькевічу судом за нанясенне палітычных графіці.
Улічваючы, што турэмны тэрмін лічыцца як 1 да 2 адносна «хіміі», калегія Магілёўскага абласнога суду скасавала пастанову Кастрычніцкага суда Магілёва пакараць Артура Фінькевіча на паўтары гады зняволення.
Акалічнасці вызвалення Артура Фінькевіча і адначасовага завядзення спраў на іншых дэмакратычных актывістаў пакамэнтаваў Хартыі’97 палітык Павал Севярынец. На ягоную думку, «зараз мы маем справу з адмысловай рэпрэсіўнай палітыкай уладаў, калі вядомыя на Захадзе палітвязні будуць выпускацца на волю, каб улада мела магчымасць нешта патрабаваць ад Еўразвязу наўзамен, а супраць іншых малавядомых людзей рэпрэсіі будуць працягвацца ў больш шырокім маштабе».
Як прыклад Павал Севярынец узгадаў пра крымінальную справу, заведзеную супраць актывіста кампаніі «Ініцыятыва” Андрэя Кіма, паводле якой учора хлопцу было высунутае афіцыйнае абвінавачанне, а таксама іншыя рэпрэсіі супраць моладзі і прадпрымальнікаў.
«Для Захаду ўлады імкнуцца зрабіць выгляд нейкай “адлігі”, аднак рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца — заведзеныя крымінальныя справы на шэраг маладафронтаўцаў, ўзбуджана крымінальная справа па пратэстам прадпрымальнікаў, студэнтаў выключаюць з ВНУ за іх погляды і грамадскую дзейнасць. Таму ні пра якую «адлігу» не можа ісці гаворка. Гэта гандль з Еўразьвязам і толькі», — падкрэсліў Севярынец.
Нагадаем, палітвязень Артур Фінькевіч адбываў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі за нанясенне графіці палітычнага зместу. 10 траўня 2006 году Першамайскі суд Менску прысудзіў Артуру Фінькевічу два гады зняволеньня на гэтак званай “хіміі” за графіці палітычнага зместу. Ад 29 чэрвеня 2006 году да 26 кастрычніка 2007 году Артур Фінькевіч адбываў пакаранне ў Магілёўскай спэцкамэндатуры №43.
26 кастрычніка палітвязень быў змешчаны ў следчы ізалятар Магілёва. Да вызвалення яму заставалася каля паўтара месяцы, аднак 16 лістапада Фінькевічу было высунутае новае абвінавачанне по арт. 415 КК РБ «Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі» за быццам бы парушэнні ўнутранага распарадку спецкамендатуры.
20 сьнежня суддзя Наталля Крашкіна Кастрычніцкага райсуду Магілёва прызнала лідэра моладзевага дэмакратычнага руху віноўным у здзяйсненні высунутага крымінальнага злачынства і прысудзіла яму паўтары гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Тым часам, нагадаем, учора была заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 364 на актывіста кампаніі «Ініцыятыва» Андрэя Кіма за быццам бы «нанясенне пашкоджанняў супрацоўніку міліцыі». Паводле гэтага артыкула хлопцу пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Таксама застаюцца за кратамі палітвязні экс-кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Казулін і былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 склікання Андрэй Клімаў. Ці будуць яны вызваленыя ў бліжэйшы час?
Сярод 12 умоваў Еўразвязу, пасля выканання якіх Еўропа гатова да супрацы з афіцыйным Менскам, галоўная — вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне пераследу апазіцыі, а таксама свабодныя выбары.
Хартыя`97
|