|      
			«Офіс за Дэмакратычную Беларусь» звяртаецца да  грамадскіх арганізацый з прапановай падтрымаць кампанію, накіраваную на зніжэнне коштаў Шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі. Вашай увазе тэкст звароту: 
			 
					     
					                         Шаноўныя прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх арганізацый і незалежных медыя асацыяцый, 
			                       Звяртаемся да вас з прапановай падтрымаць кампанію, распачатую ў Еўрапейскім Парламенце трыма прадстаўнікамі гэтай структуры — Генавефай Грабоўскай (Польшча), Юстасам Палецкісам (Летува) і Ханэсам Свобадам (Аўстрыя), і накіраванай на зніжэнне коштаў Шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі. Беларусь з’яўляецца адзінай краінай Усходняй Еўропы, што не мае спрошчанага візавага рэжыму з ЕЗ. 
			                      Паколькі таннейшыя візы і прасцейшая працэдура іх атрымання ёсць прамым інтарэсам нас з вамі і нашых суайчыннікаў, а таксама разумеючы важнасць кантактаў паміж нашымі грамадзянамі і грамадзянамі іншых краін Заходняй Еўропы, мы з вамі павінны ўзяць як мага больш актыўны ўдзел ў прасоўванні кампаніі, ініцыяванай еўрапарламентарамі.  
			                      «Офіс за Дэмакратычную Беларусь» у Бруселі бузе накіроўваць лісты да прадстаўнікоў розных палітычных груп у ЕП з просьбай падпісаць дэкларацыю. З такой жа мэтай мы плануем наладжваць акцыі падчас парламенцкіх сесій у Страсбуры.  
			                      Важнай умовай поспеху з’яўляецца моцны сігнал з Беларусі, як пацверджанне неабходнасці разгляду візавага пытання Еўразвязам і зніжэння верагоднасці далейшай ізаляцыі насельніцтва краіны. Таму мы заклікаем вас далучыцца да лабіравання праблемы!! 
			                     Калі вы падтрымліваеце ініцыятыву па зборы подпісаў, калі ласка, дашліце паведамленне на  info@democraticbelarus.eu ад імя вашай арганізацыі з указаннем назвы аб’яднання і прозвішчам кіраўніка. Ваш голас будзе перададзены арганізатарам акцыі і падвысіць шанцы на атрыманне 392 подпісаў, патрэбных для таго, каб  дэкларацыя была дасланая на разгляд ў Раду Еўразвязу.  
			                    З павагай, 
			 
					                      Вольга Стужынская 
«Офіс за Дэмакратычную Беларусь»					   
			 			 
			
			   
			 |