У Менску прайшла акцыя «Маладога Фронту», прысвечаная святу кахання — дню Святога Валянціна. Сённяшняя акцыя, як і ранейшыя, праходзіла пад лозунгам «Беларусь у Еўропу!». Падчас традыцыйнага шэсця ўдзельнікі акцыі наведалі амбасады краін-сяброў ЕЗ і ЗША. 
					Акцыя пачалася на плошчы Свабоды, дзе а 17 гадзіне сабралася блізу 50 чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі і шарыкамі, транспарантамі «Жыве Беларусь!», «Акцыя Любові», «Малады Фронт». 
					Падчас шэсця ўдзельнікі наведалі шэраг еўрапейскіх і амерыканскую амбасады з тым, каб перадаць зварот з віншаваннем з Днём Святога Валянціна і заклікам да ўрадаў ЕЗ і ЗША звярнуць увагу на праблему палітвязняў у Беларусі. 
					Акцыя больш нагадвала перформанс, бо большасць маладых людзей прыйшлі на плошчу ў касцюме анёлаў — у белай вопратцы і з прымацаванымі да спіны крыламі. 
					Удзельнікі шэсця скандавалі «Беларусь — у Еўропу!», «Жыве Беларусь!», «Верым, можам, пераможам!» і запальвалі бенгальскія агні і свечкі. 
					У мерапрыемстве ўзялі ўдзел былыя палітвязні маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, якія толькі што выйшлі на волю, а таксама лідэр руху «За свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч з жонкай Інай Кулей. 
					Нягледзячы на завею, якая пачалася прыкладна а 18 гадзіне, акцыя працягнулася. Падчас наведванняў еўрапейскіх амбасад удзельнікі акцыі выйшлі да праспекта Незалежнасці, дзе міліцыя незадоўга да гэтага перагарадзіла ўсе падыходы да Адміністрацыі прэзідэнта. 
					Дэманстрацыя «Беларусь — у Еўропу!» завяршылася ля амбасады ЗША ў Менску. Павітаць яе ўдзельнікаў выйшаў Першы сакратар амбасады Луіс Крышок, які заявіў, што «свабода, дэмакратыя і праблема палітычных зняволеных у Беларусі заўсёды будуць аднымі з прыярытэтных у палітыцы Злучаных Штатаў». 
					За ходам акцыі назіралі і здымалі на відэа людзі ў цывільным. 
					
					Хартыя`97 
					 			 
					 |