У Маскве пройдзе пікет салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі

15.02.2008

16 лютага ў Маскве адбудзецца пікет салідарнасьці з Андрэем Кімам і іншымі палітвязьнямі Беларусі. Плянуецца правесьці яго а 14-й гадзіне насупраць амбасады Беларусі (вул. Марасейка, 17/6, ст.м. «Кітай-горад»)

Як паведамілі «Нашай Ніве» арганізатары акцыі, ў пікеце прымуць удзел прадстаўнікі моладзевых арганізацый і простыя грамадзяне. «Нашая мэта — прыцягнуць увагу грамадзтва да сыстэматычных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама выказаць сваю салідарнасьць з ахвярамі палітычных рэпрэсій і іх роднымі», — кажа адзін з арганізатараў акцыі.

У пікеце прымуць удзел прадстаўнікі беларускай дыяспары і незарэгістраванага руху «Ініцыятыва», а таксама прадстаўнікі расейскіх рухаў «Абарона», «Свабодныя радыкалы», «Зьмена», «Мы» ды іншых.