16 лютага — Дзень незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі. У гэты дзень Аб’яднаньне студэнтаў ЭГУ павіншавала віленчукоў і гасьцей сталіцы Літвы зь іх нацыянальным сьвятам. У поўдзень каля тысячы чалавек сабралося на пляцы перад Канцэлярыяй прэзыдэнта ў цэнтры Старога горада.
«На сьвята, якое доўжылася прыкладна гадзіну, былі запрошаны шматлікія эўрапейскія амбасадары. Ва ўсіх прысутных быў сьвяточны настрой. Мы таксама далучыліся да віншавання. Цягам некалькіх хвілін мы распаўсюдзілі дзьве сотні ўлётак, у якіх нагадвалася, што ў гэтым годзе спаўняецца 90 год беларускай дзяржаўнасьці. Мінакі з вялікім задавальненьнем прымалі віншаваньні і дзякавалі за падтрымку. Шмат хто зь мінакоў проста падыходзіў фатаграфавацца на памяць, віленчукі вельмі цікавяцца Беларусьсю», — кажа ініцыятар акцыі, маладафронтавец Кірыл Атаманчык.
Сьвята будзе працягвацца яшчэ два дні. На Катэдральнай плошчы ў Вільні плянуецца арганізаваць вялікі канцэрт. Немагчыма не пазначыць і тое, што да гэтага дня ў эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня спадар Адамкас узгадаў пра салідарнасьць беларусаў 13 студзеня ў Дзень абаронцаў незалежнасьці Літвы і падзякаваў за шчырую падтрымку.
Прэс-служба МФ |