Зноў усё той жа сцэнар. Аўтазакі, спецназаўцы, амапаўскія ланцугі. Тыя, хто наважыўся выйсці на плошчу, рассечаны на асобныя групы і выцеснены за яе межы. Усе подступы перакрытыя. Падазроных затрымліваюць і тут жа абшукваюць. Звесткі з цэнтра — нібы з надзвычайнай зоны. Схоплены і адвезены аж у Следчы аддзел МУС Аляксандр Мілінкевіч. Адвезена ў Цэнтральны РАУС Вольга Казуліна.
На вуліцы Інтэрнацыянальнай каля помніка постсавецкай эпохі — сцяны Цоя — проста на зямлі паселі фотажурналісты. Пратэстуюць, што іх не пускаюць на плошчу. Дзіўныя людзі! На плошчы кіпіць ударная міліцэйская праца. Навошта ж там сведкі, тым больш, з фотакамерамі?
А праца тая была натхнёнай і неадкладнай. Гэтым разам шыхтам наступаючых супрацьстаялі прадпрымальнікі. Яны выйшлі пратэставаць супраць катастрафічнага для іх указу нумар 760. Па розных звестках было іх там каля тысячы. А што для розных спецназаў нейкая тысяча? Размінка, не болей. Перамога была прадвызначанай і непазбежнай. Пратэстоўцы не паспявалі падлічваць страты.
Затрыманы грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык і лідар прадпрымальнікаў Алесь Макаеў. Амапаўцы блакуюць выйсце з метро і выцясняюць людзей з універсаму “Цэнтральны”. Абураная пенсіянерка звярнулася да журналістаў: міліцэйскі начальнік, у якога яна паспрабавала даведацца, дзеля чаго трэба неадкладна пакінуць той універсам, проста паслаў яе на кароткі расійскі адрас. Але чым дапамагчы маглі беднай жанчыне журналісты? Калі б нават усіх, хто бачыў гэта мярзоцце, паклікаць у сведкі, высокі суд прпусціў бы ўсё тое міма вушэй. Гэта апазіцыя лаецца матам. А людзі ў пагонах, калі і дазволяць сабе нешта ненарматыўнае, дык толькі дзеля парадку. Каб падбадзёрыць адзін аднаго пры выкананні адметных службовых абавязкаў. Так было і ў гэты дзень — працавалі старанна, з выдумкай. Таму што справа была святая — стаялі на варце інтарэсаў працоўных.
Плошчу вунь вадой залілі. Каб народу было дзе ўволю пакоўзацца. І не бяда, што марозу няма. Калі-небудзь і тут падмарозіць. І зазвініць пад канькамі лёд. А тут выйшлі нейкія, радасць народную адбіраюць. А таму і каманда з гукаўзмацняльніка прагучала дасціпна і нечакана: “Адзеньце ўсмешачкі і будзьце добранькімі!” І яны працавалі з усмешачкай. Выканалі ўсё, што патрабавала начальства. Плошча апусцела. Толькі некалькі дзесяткаў пратэстуючых рушылі яшчэ да тэлебачання на Камуністычную. Але і там чакаў іх спецназ.
Можа, і ўвогуле не варта было прадпрымальнікам выходзіць на тую плошчу?
Выходзіць варта. Кожная акцыя, чым бы яна ні скончылася, — гэта нейкі крок. Пэўны ўчынак. Для кожнага, хто адолеў страх, прыняў у ёй удзел. Вядома, указ той ніхто не скасуе. А нават калі б і здарыўся гэткі цуд, замест яго з’явіліся б новыя ўказы. У параўнанні з якімі нават гэты выглядаў бы кветачкай на вясновым лузе.
Пры існуючай уладзе да лепшага умовы жыцця прадпрымальнікаў змяніцца не могуць. Бяда не ў тым, што ў бюракратычным асяроддзі нараджаецца часам папера, якая істотна пагаршае ўмовы іх працы. У краіне цывілізаванай гэта сапраўды можна было б выправіць у выніку пэўных перамоваў ды акцый пратэсту. Але тут — зусім іншае. Беларусь — краіна, дзе захаваўся савецкі лад жыцця. І яго рэліктавая эканоміка. У якой усё вырашае каманда начальніка. Прыватная ініцыятыва ў гэткую сістэму не ўпісваецца. І ў кіраўніцтве былога Саюза знаходзіліся адмыслоўцы, якія выдатна разумелі, што чакае краіну ў будучыні. Прапаноўвалі рэформы. І нават іх пачыналі. І спынялі ў хуткім часе. Таму што адразу было відавочна — без свабоды нічога не будзе. А свабода і савецкі лад існаваць адначасова не могуць.
Лёс прадпрымальнікаў ў гэтай краіне прадвызначаны. Саўковая эканоміка канкурэнцыі з імі не вытрымае. А таму выкараненне прыватнай ініцыятывы тут непазбежнае. Не мудрага ўказу бракуе сёння прадпрымальнікам у Беларусі. Ім. як і ўсёй краіне, бракуе свабоды.
Вядома, змагацца за свае правы можна і паасобку. Пісаць куды-небудзь скаргі. Дамагацца адмены нейкай паперы. Зноў і зноў у невялікай колькасці выходзіць на вулічныя акцыі. А потым у глухім завулку ўпотай выціраць злыя слёзы роспачы. А можа, варта было б успомніць, што ёсць у нашай мове цудоўнае слова — разам.
І выйсці на плошчу не безабароннай жменькай перад шыхтамі адкормленых карнікаў. А народам, ад якога карнікі тыя разбягуцца па сваіх норах. Бо нават самыя цёмныя з іх у гэткія моманты раптам усведамляюць, што не кожнае злачынства бывае беспакараным.
Колькі ж яшчэ спатрэбіцца беларусам вось гэткіх расчараванняў, каб зразумець, што паасобку тут нікому нічога не дамагчыся. Свабоду краіне не вернуць дыктатары. Не здабудуць суседзі. Гэта здолеем зрабіць толькі мы.
Разам. |