Дэпутаты Эўрапарлямэнту абмяркoўвалі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

21.02.2008

Сёньня ў Страсбуры дэпутаты Эўрапарлямэнту абмяркoўвалі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, ва Ўсходнім Тыморы і ў правінцыі Паўночны Ківу Дэмакратычнай Рэспублікі Конга.

Паводле аднаго з распрацоўнікаў праекту рэзалюцыі па Беларусі, прадстаўніка Народнай партыі Нямеччыны Бэрнда Посэльта, дэбаты па трох краінах праводзіліся незалежна адны ад адных і парлямэнтары не параўноўвалі гэтых краінаў між сабою. Што да Беларусі, лічаць дэпутаты, то «правы чалавека ў гэтай краіне па-ранейшаму масава парушаюцца».

Як вынікае з прынятай рэзалюцыі па Беларусі, эўрапейскія дэпутаты па-ранейшаму аддаюць вялікую ўвагу перасьледу беларускімі ўладамі прадстаўнікоў апазыцыі, незалежных СМІ, няўрадавых арганізацыяў, дэманстрантаў. Яны патрабуюць ад Менску адмены сьмяротнага пакараньня, правядзеньня свабодных выбараў і вызваленьня «апошняга з палітвязьняў» Аляксандра Казуліна.

У рэзалюцыі гаворыцца, што Эўрапарлямэнт вітае апошнія вызваленьні палітзьняволеных у Беларусі. Я спыталася ў Бэрнда Посэльта, ці азначае гэта, што ў выпадку вызваленьня Казуліна Менск выканае адно з 12 патрабаваньняў Эўразьвязу і ў выніку зможа разьлічваць на адпаведны крок у адказ з боку Эўропы?

Посэльт: «Так, выкананьне такога пункту, як вызваленьне палітвязьняў, мы вельмі вітаем. Аднак зь беларускай практыкі мы ведаем, што пасьля нейкага кроку наперад робяцца некалькі крокаў назад. Ня выключана, што на наступным тыдні будуць арыштаваныя ці затрыманыя новыя людзі. Мы патрабуем грунтоўных зьменаў у гэтай сытуацыі ў адпаведнасьці з існуючымі міжнароднымі прававымі нормамі. Паглядзіце, уся Эўропа дэмакратызавалася, і мы чакаем такой жа дэмакратызацыі ад Беларусі. Зразумела, што тады мы зробім адпаведныя крокі насустрач. Напрыклад, у спрашчэньні візавых фармальнасьцяў для беларусаў, якія хочуць наведаць краіны Шэнгенскай зоны».

Карэспандэнтка: «Эўрапейскія палітыкі выступаюць за больш даступныя паездкі ў Эўропу для ўсіх беларусаў ці толькі для тых, хто атрымае афіцыйнае запрашэньне ў рамках пэўнага праекту? Далёка ж ня ўсіх дэмакратычна арыентаваных беларусаў запрашаюць на нейкія сэмінары. А пытаньне зьніжэньня кошту візаў для прыватных паездак ніяк не агаворваецца...»

Посэльт: «Усё павінна ісьці крок за крокам. Спачатку павінен прайсьці нейкі час. Кожны ведае, што Беларусь ня стане дэмакратычнай ужо на наступным тыдні. Трэба з чагосьці пачынаць: з праграмаў абменаў, студэнцкіх, культурніцкіх, гуманітарных, журналісцкіх і гэтак далей. Паглядзіце на тую ж Македонію — краіну-кандыдатку ў Эўразьвяз, абсалютна дэмакратычную краіну: гэтая краіна цяпер атрымлівае візавую свабоду толькі для часткі насельніцтва. Што да Беларусі, то яна па-ранейшаму застаецца краінай з аўтарытарным рэжымам. Тут шмат што павінна адбыцца, каб усё функцыянавала паводле дэмакратычных стандартаў. Калі рэжым застанецца, краіна цалкам ізалюецца і мы ня зможам нічога зрабіць».

Паводле Бэрнда Посэльта, пры абмеркаваньні праекту рэзалюцыі аб правох чалавека ў Беларусі было вырашана выкрасьліць з дакумэнту такую фармулёўку, як «апошняя дыктатура ў Эўропе». Такім чынам «дэпутаты, нягледзячы на сваё па-ранейшаму крытычнае стаўленьне да беларускага рэжыму, прадэманстравалі гатовасьць да дыялёгу”. Як падкрэсьліў адзін з распрацоўнікаў рэзалюцыі, “гэта не дыялёг для дыялёгу. Мы хочам, каб ён дапамог беларускім людзям».