Арыштамi скончыўся сацыяльны мiтынг у Салiгорску

02.03.2008

Маладафронтаўцы Іван Шыла, Хрысьціна Самойлава, Аляксей Валабуеў, Зьміцер Банько, Анатоль Мірашнічэнка, Рыгор Астапеня, Андрусь Тычына, прадпрымальнік Уладзімер Шыла і пэнсіянер Генадзь Кудзелька былі жорстка затрыманыя падчас сацыяльнага мітынгу, арганізаванага салігорскім Маладым Фронтам.

На мітынг у абарону сацыяльных правоў, што праходзіў на Цэнтральнай плошчы гораду, сабралося каля 300 чалавек, у асноўным, моладзь ды пэнсіянеры. Як толькі Уладзімер Шыла зьвярнуўся да людзей з прамоваю, плошча была адразу ачэплена мясцовай міліцыяй ды менскім спэцназам.

У выніку было затрымана 9 чалавек. Пасьля складаньня пратаколаў па артыкуле 23.34.3 — «парушэньне правядзеньня масавага мерапрыемства, неаднаразова зьдзейсьненае на працягу года», актывістаў, акрамя Зьмітра Банько і Уладзімера Шылы, адпусьцілі. Пэнсіянеру Генадзю Кудзельку ў РАЎСе стала кепска (сэрца), ён быў адвезены ў гарадзкі шпіталь.

«На дадзены момант невядома, што будзе са Зьмітром Банько і Уладзімерам Шылам, — кажа маладафронтавец Павал Батуеў. — Хутчэй за ўсё іх будуць афармляць у ізалятар, суд, пэўна, адбудзецца заўтра. Дакладнай інфармацыі нам не даюць, адно толькі, дазволілі аддаць перадачы».

Павал Батуеў выступаў заяўніком мітынгу: «Пасьля сканчэньня акцыі мяне запрасілі на размову да начальніка міліцыі, які спэцыяльна прыехаў зь Менску на мітынг, і паведамілі, што нашым дзеяньням будзе дадзена прававая адзнака. Наўрад ці супраць мяне будзе штосьці прымацца зараз, але ня выключана, што сёньняшняя падзея будзе выкарыстоўвацца як падстава для арышту напярэдадні Дня Волі».