|   30 сакавіка ў Варшаве адбудзецца канцэрт «Салідарныя з Беларуссю». У канцэрце прымуць удзел як беларускія, так і польскія зоркі року і поп-музыкі, якія выканаюць вядомыя ў сваіх краінах хіты ў новых, двухмоўных аранжыроўках.  
			
					  У гэтым годзе канцэрт пройдзе пад лозунгам: беларуская мова — мова беларусаў. Галоўная задача арганізатараў канцэрта — звярнуць увагу на праблему занядбання беларускай мовы: закрыццё беларускамоўных газетаў, беларускамоўных школаў, панаванне расійскай мовы на вуліцах і ў разнастайных установах. Таму 30 сакавіка Варшава загаворыць па-беларуску! 
			
					  Канцэрт будзе транслявацца ў жывым эфіры незалежнага тэлеканала «Белсат», а таксама Еўрапейскага Радыё для Беларусі і радыё Рацыя.  
			«Хочам каб беларусы ведалі пра гэты канцэрт і пра тое, што мы палякі  неабыякавы да таго, што адвываецца ў нашых суседаў —  беларусаў»  — сказалі арганізатары. 
			
					  Гэта ўжо трэці канцэрт «Салідарныя з Беларуссю». У 2006 годзе канцэрт быў своеасаблівай падтрымкай для беларускай апазіцыі перад прэзідэнцкімі выбарамі, а ў 2007 годзе палякі дэманстравалі сваю салідарнасць з беларусамі 25-га сакавіка — у Дзень Волі. Штогод канцэрты збіраюць некалькі тысячаў чалавек, неабыякавых да Беларусі.  
			
					  Аўтар ідэі канцэрту — ініцыятыва «Вольная Беларусь». Гэта арганізацыя, якая гуртуе вакол сябе маладых людзей, зацікаўленых у дэмакратычных пераменах у Эўропе. Гэтая група спантанна паўстала падчас украінскай рэвалюцыі, арганізуючы пікеты і маніфестацыі падтрымкі для прэзідэнта Юшчанкі ў Польшчы, а потым удзельнічаючы ў Польскай Місіі Назіральнікаў у Харкаўскім рэгіёне падчас паўторнага 2-га туру прэзідэнцкіх выбараў. Ад канца 2005 годa галоўным кірункам дзейнасці Ініцыятывы з'яўляецца падтрымка беларускай апазіцыі. Акрамя  штогадовых канцэртаў, таварыства рэалізуе праекты дапамогі беларускай дэмакратычнай супольнасці. 
			
					  Больш інфармацыі: www.solidarnizbialorusia.pl 
			   
			 |