Браты Скрабцы, а таксама Тацяна Ваніна ўзялі ўдзел у кароткачасовай акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Актывісты выйшлі з пллякатамі «Абвяшчаю галадоўку», зь якімі прастаялі пару хвілін. Пасьля падышлі міліцыянты, якія сказалі, што галадоўкі дрэнна адбіваюцца на здароўі. Пасьля гэтага акцыя пратэсту скончылася. 
					Сёньня а 18-й дэмакратычныя актывісты меліся выйсьці на Кастрычніцкую плошчу, каб у чарговы раз патрабаваць вызваленьня Аляксандра Казуліна ды іншых палітвязьняў. Асаблівасьцю акцыі ёсьць тое, што ўдзел у ёй павінны былі ўзяць людзі, што днямі распачалі эстафэтную галадоўку. 
					Ініцыявала акцыю грамадзкая актывістка Тацяна Ваніна. Яна прапанавала прыняць удзел у сымбалічнай галадоўцы кожнаму, хто жадае маральна падтрымаць палітвязьняў. Паводле Т. Ванінай, 20 сакавіка — сымбалічны дзень, бо акурат два гады таму было створанае намётавае мястэчка. І менавіта ў працяг тых падзеяў быў зьняволены А. Казулін. 
					Удзельнікі эстафэтнай галадоўкі плянуюць выходзіць штодзень а 18-й на Кастрычніцкую плошчу да 25 сакавіка. 
					Нагадаем, што 10 сакавіка бестэрміновую галадоўку за вызваленьне А. Казуліна пачалі браты Сяргей і Аляксандар Скрабцы. Пазьней да іх далучыліся актывіст Сяргей Галаганюк і былы міліцыянт Алег Алкаеў. Сёньня пачалі галадоўку актывістка Тацяна Ваніна і прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. 
					  
					Зьміцер Панкавец 
Наша	нiва				 
					   
					 |