Нью-Ёрк: дэманстрацыя, выстава і дыктоўка беларусаў
24 марта 2008

У нядзелю, 23 сакавіка, беларуская моладзь у Нью-Ёрку правяла дэманстрацыю каля будынку штаб-кватэры ААН. Пасьля адбыліся сьвяточныя імпрэзы да 90-х угодкаў БНР, у Беларускім музэі ў Нью-Ёрку адкрылася новая мастацкая выстава, амэрыканскія беларусы ўзялі таксама ўдзел у нацыянальнай дыктоўцы.

У дэманстрацыі ўзялі удзел каля 15 чалавек. Удзельнікі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і плякаты ў падтрымку «Маладога фронту», а таксама плякаты з надпісамі «Свабоду палітвязьням!», «Расея, рукі прэч ад Беларусі», «Няма месца для расейскіх G8!», «Скажы “не” саюзу двух дыктатараў — Пуціна і Лукашэнкі!».

Пасьля сьвяточнай дэманстрацыі, прысьвечанай 90-годзьдзю БНР, сьвяточныя імпрэзы адбыліся ў грамадзкай залі Катэдральнага сабору сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне, а ў Беларускім музэі, які месьціцца ў тым жа будынку, адкрылася новая мастацкая выстава.

«На выставе былі 32 новыя працы беларускіх мастакоў, у тым ліку Аляксея Марачкіна, Алеся Шатэрніка, Генадзя Драздова, Уладзімера Новака, Аляксандра Грыгор'ева, Рыгора Батальёнка, Міколы Купавы, Юліі Шатэрнік,» — расказаў Радыё Свабода Алесь Сідарэнка, сябра Беларускага моладзевага руху Амэрыкі.

«Мы таксама глядзелі кінастужку рэжысэра Антося Цялежнікава «Беларускі пасьляваенны антысавецкі супраціў: 1944 – 1959 гг.”. Гэты фільм па-беларуску, і так прыемна чуць родную мову тут, у Амэрыцы. Мы таксама глядзелі відэазапіс выступу Данчыка ў Менску, слухалі яго песьні і яго словы аб беларускай незалежнасьці. Прыемна, што мы тут — усе разам, не губляем сувязяў зь беларусамі. Са сьвятам усіх! Жыве Беларусь!»

Беларусы Амэрыкі, якія прыйшлі на сьвяткаваньне, таксама напісалі нацыянальную дыктоўку.

Апрача гэтага, нью-ёрскія беларусы сабралі ахвяраваньні на ўсталяваньне мэмарыяльнай табліцы на былой амбасадзе БНР у Таліне і заклікалі ўсіх беларусаў далучыцца да збору грошай, каб гэтая табліца атрымалася сапраўды народным памятным знакам.