Расьсечаны Дзень Волі: рэпартаж «Нашай Нiвы»

25.03.2008

Ад татальна ачэпленай плошчы Якубы Коласа некалькі тысяч дэманстрантаў скіраваліся да Акадэміі Навук, дзе адбыўся мітынг. Іншая калона была расьсеяная на подступах да плошчы Перамогі. Як і ў мінулыя гады, паводзіны ўладаў у Дзень Волі больш жорсткія, чым у часе іншых маніфэстацый. Ня менш за 100 чалавек дастаўленыя ў РУУСы, у тым ліку журналісты, у тым ліку і тыя, якія ажыцьцяўлялі гэты онлайн-рэпартаж. Фотакарэспандэнта «НН» Андрэя Лянкевіча «пацягнулі ў аўтазак з акрываўленым тварам».

23:00 З Савецкага РУУС да людзей, якія чакалі сваіх родных ля ганку, выйшаў міліцыянт і паведаміў, што на затрыманых былі складзеныя пратаколы, і ўсе затрыманыя да суду выпушчаныя ня будуць.

21:40 Як перадаў Сямён Печанко з Маскоўскага РУУС, супраць усіх затрыманых, у тым ліку яго, складаюць пратаколы паводле арт. 23-34 «Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Таксама ва ўсіх бяруць адбіткі пальцаў і здымаюць на відэа. Варта адзначыць, што на праспэкце затрымлівалі журналістаў і іншых СМІ, напрыклад, былі на затрыманыя два карэспандэнты агенцтва БелаПАН. Аднак нашых не адпусьцілі, тады як і іншых адпусьцілі. Застаецца няясным, гэта таму, што карэспандэнты «НН» былі на пярэднім краі, ці паводле іншай разнарадкі. У РУУСах пабываў галоўны рэдактар газэты і намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Безвынікова. З Цэнтральнага РУУС выпусьцілі толькі дваіх журналістаў літоўскага тэлеканалу LTR, затрыманых падчас акцыі. Папярэдне ў іх сканфіксавалі касэту зь відэазапісам.

20:53 Паводле зьвестак ПЦ “Вясна”, у Савецкім РУУСе знаходзіцца 51 чалавек, зь іх 12 непаўналетніх, у Маскоўскім —21, у Партызанскім — ад 9 да 15.

20:42 Каля РУУСу Савецкага раёну сабралася больш за 30 чалавек родных і сяброў затрыманых. Ідзе сьнег, моцны вецер, аднак супрацоўнікі міліцыі сагналі людзей з ганку. Калі наблізілася калёна міліцыянтаў з шчытамі й накіравалася ў будынак, людзі пачалі пляскаць у ладкі і крычаць «Слава! Малайцы, хлопцы, добра папрацавалі!».

Хуткая дапамога забрала Яраславу Грышчэню, у яго вывіх пляча і гематома пад вокам.

20:17 Затрыманы карэспандэнт «Нашай Нівы» Сямён Печанко здолеў даслаць смс-паведамленьне: «Разам са мной цалкам выпадкова былі затрыманыя дзьве жанчыны з Гародні, ішлі ў тэатар»

20:15 АМАП выцясьніў групу з-пад Акадэмкнігі у мэтро. Акцыя фактычна завершаная.

20:09 Калёну спыніў і завярнуў АМАП мэтраў праз 150. Цяпер група ў пару соцень чалавек знаходзіцца зноў ля Акадэмкнігі на скрыжаваньні праспэкту й вул. Сурганава.

20:04 Ад Акадэміі навук дзьве дастаткова вялікія групы людзей па абодвух ходніках рушылі ў бок плошчы Калініна.

19:59 Частка людзей, каля 400 чалавек, стаяць каля кнігарні Акадэмкніга. З-пад Савецкага РАУСу паведамляюць пра 50 затрыманых. Да іх выклікалі хуткую дапамогу.

19:46 АМАП пачынае адціскаць частку людзей у бок вуліцы Сурганава. На пляцоўцы знаходзіцца каля 400 чалавек. Частка разыходзіцца і спускаецца ў мэтро. Міліцыя папярэджвае пра крымінальную адказнасьць. З палітычных лідэраў ніхто слова ня браў.

19:43 Частка людзей знаходзіцца ля Акадэміі навук. Частка зьбіраецца ісьці да РУУСу Савецкага раёну, чакаць вызваленьня зьняволеных. Міліцыя па-ранейшаму папярэджвае аб адказнасьці.

19:40 Некалькі дзясяткаў чалавек было затрымана на мосьце церазь Сьвіслач. У Савецкім РУУС знаходзяцца больш за 40 затрыманых, некалькі дзясяткаў адпраўлены ў аддалены Маскоўскі РУУС. «Моцна зьбіты, у тым ліку па галаве, Зьміцер Дашкевіч, многія іншыя затрыманыя зьбітыя і акрываўленыя» — паведамляе charter97.org.

19:25 Ля Акадэміі навук зьбіраюцца сілы міліцыі і АМОНУ. Людзі прыціскаюцца бліжэй да праезнай часткі праспэкту. Бесьперапынна гучаць папярэджаньні пра несанкцыянаванасьць мітынгу. Частка мітынгоўцаў накіравалася да мэтро "Акадэмія навук", частка застаецца каля Акадэміі навук. Моладзь абклеіла гукаўзмацняльную машыну міліцыі налепкамі да 90-годзьдзя БНР.

19:20 Да пляцоўкі ля Акадэміі навук, дзе праходзіць мітынг, пад'ехала машына з гукаўзмацняльнай апаратурай, зь якой раздаецца папярэджаньне пра тое, што мітынг у гэтым месцы забаронены.

19:15 Андрэй Лянкевіч знаходзіцца ў Савецкім РУУС.

19:02 Працягваецца мітынг ля Акадэміі навук з удзелам каля 2 тысячаў чалавек. Частка людзей змагла дабрацца з боку плошчы Перамогі, сярод іх Лявон Баршчэўскі. Выступоўцы асабліва зьвяртаюць увагу на праблему палітвязьняў.

19.00 Затрыманы журналіст «Нашай Нівы» Сямён Печанко. Яго вязуць у Маскоўскі РУУС. Мяркуючы па затрыманьнях журналістаў, агульная колькасьць затрыманых можа вымярацца дзясяткамі.

18:57 Да мосту церазь Сьвіслач пад’ехалі аўтобусы, зь якіх зьявіліся спэцназаўцы ў шлемах. Яны адцясьняюць людзей ад мосту, у бок плошчы Перамогі.


18:53 Уваход на мост церазь Сьвіслач заблякаваны кардонам. Ля яго гуртуюцца людзі.

18:44 Людзі, што ня трапілі ў ачапленьне, рушылі да плошчы Перамогі па ходніках. Па правым баку ідзе паўтары сотні людзей. Ад праспэкту іх суправаджае шэраг спэцназаўцаў. Па левым баку таксама рухаюцца некалькі дзясяткаў чалавек зь сьцягамі Эўразьвязу.

18:40 Затрымалі фотакарэспандэнта “НН” Андрэя Лянкевіча. Хартыя-97: «яго пацягнулі ў аўтазак з акрываўленым тварам».

18:40 Група людзей на скрыжаваньні праспэкту з Казлова і Варвашэні паспрабавала выйсьці на праспэкт. Зараз на рагу з боку вул. Варвашэні стаіць каля сотні чалавек зь сьцягамі. Машыны, якія едуць праспэктам сыгналяць, вітаючы дэманстрантаў.

18:38 Ля Акадэміі навук тым часам пачаўся мітынг. Прачытаў малітву Акаловіч. Выступіў Сіўчык, нагадаў, што сёньня два гады таму быў арыштаваны Казулін, згадаў іншых палітвязьняў, якія сёньня за кратамі.

18:35 З боку Палацу мастацтваў зьявіліся аўтазакі, пачаліся затрыманьні.

18:33 Міліцыянты перадысьлякуюцца па паралельных праспэкту вуліцах, новы кардон заблякаваў пераход праз вул. Казлова у бок плошчы Перамогі. Людзей валяць на зямлю, адбіраюць сьцягі.

18:30 Група з сымболікай АГП спрабавала перайсьці праспэкт. Некалькім гэта ўдалося. Астатніх завярнулі міліцыянты. Цяпер калёна між плошчамі Якуба Коласа і Перамогі пабітая міліцэйскімі кардонамі на тры часткі. Міліцыя зьбівае людзей, выхоплівае з рук нацыянальныя сьцягі.

18:29 На пляцоўцы каля АН колькасьць людзей дасягнула 2000 тысяч чалавек. Выступіў Мікола Статкевіч, заявіў, што ні на які Бангалор ніхто ня пойдзе, а мітынг будзе тут, ля Акадэміі навук.

18:26 З аркі ля прыпынку "вуліца Казлова" зьявілася ачапленьне. Паводле словаў памочніка Мілінкевіча Алеся Лагвінца, Аляксандар Мілінкевіч застаўся ў групе людзей між двума ачапленьнямі. Тую групу пачынаюць заганяць у падземны пераход, што вядзе на другі бок праспэкту.

18:22 Калёна ў паўтары тысячы чалавек падыходзіць да Акадэміі навук. Болей спробаў прарвацца на Якуба Коласа не было.

18:21 Калёне, якая ішла ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі, не далі злучыцца з людзьмі, якія прарваліся да скрыжаваньня праспэкту з вул.Казлова. Людзі спыніліся і чакаюць, скандуючы "Жыве Беларусь". Каля Акадэміі міліцыі на праспэкце зьявілася вялікая расьцяжка з надпісам "Са сьвятам незалежнасьці!" і сымболікай АГП. Ля яе сабралася некалькі дзясяткаў чалавек.

18:17 Міліцыя і АМАП адштурхоўваюць людзей з паўночнага боку плошчы назад, у бок Акадэміі навук. Маніфэстанты кідаюцца сьняжкамі і крычаць «фашысты».

18.15 З паўднёвага боку адбылося сутыкненьне зь міліцыяй ля крамы «Оптыка». Некалькі чалавек з пабітымі тварамі.

18:14 Калёна ад вуліцы Чырвоназорнай прарвалася на праспэкт і ідзе ў бок плошчы Перамогі. На рагу вуліцы Казлова да яе далучылася яшчэ група людзей зь сьцягамі.

18:12 Севярынец павёў людзей на першы кардон з пары дзясяткаў міліцыянтаў. Ён за 150 мэтраў ад плошчы Якуба Коласа на пр. Незалежнасьці. Ён быў пройдзены даволі лёгка. Колькасьць удзельнікаў акцыі павялічылася да 700-800 чалавек.

18:09 Штурханіна з боку плошчы Якуба Коласа, міліцыя спрабуе блякаваць натоўп, пачаліся лякальныя сутычкі, частцы людзей удалося прарвацца на праспэкт.

18:06 Міліцыя спрабуе скіраваць людзей з праспэкту, у арку на вуліцу Чырваназорную. Уваходы ў двары пакуль не ачэпленыя.

18:02 На праспэкце Незалежнасьці, каля паштовага аддзяленьня, што ў доме № 46, фармуецца калёна, ёсьць некалькі сотняў чалавек. Вядзе яе Лявон Баршчэўскі. Ён павіншаваў усіх і заклікаў ісьці ў бок плошчы Перамогі. Уздоўж дарогі шыхтуецца АМАП.

18:00 Каля кавярні «Лідо» 100-150 чалавек. Міліцыянты не пускаюць на плошчу і выбачаюцца за часовыя нязручнасьці. Узьняты першы сьцяг. Людзі вырашаюць ісьці ў бок Акадэміі навук.

17:40 Плошча Якуба Коласа перакрыта. Грамадзкі транспарт не спыняецца.

Турнікеты выстаўленыя каля крамы Лянок, каля музэю сучаснага мастацтва, перад вуліцай Гікалы, усе ўваходы ў двары, таксама выхады на вуліцы Харужай, Коласа, Гікалы, бульвар Мулявіна.

Найбольш народу на гэты час на рагу Чырвоназорнай і Незалежнасьці, а таксама каля кавярні «Лідо».

 


Фота Юліі Дарашкевіч